20.43

Відавочцы сцвярджаюць, што невядомыя разбілі відэакамеру тэлеаператару  Уладзіміру Косціну. Дарэчы, на сённяшняй акцыі актыўна дзейнічалі спецназаўцы ў цывільным, таму, не выключана, што ўсе “інцыдэнты” будуць названы ўнутранымі разборкамі сярод дэманстрантаў.

20.25.

Акцыя скончана.

20.20

Праваабаронцы БХК  ужо назвалі прозвішчы некаторых затрыманых: Казінец  Вадзім, Навіцкі Дзяніс, Грабавы Уладзіслаў, Семская Алена, Пратасенік Аляксей, Баркоўскі Яраслаў, Чэрвякоўскі Антон, Літвінчык Мікіта, Аксіцёнак Андрэй, Старычэў Максім.

20.17

У аўтобус, які толькі што зноў пад’ехаў да Палаца спорта, закінулі некалькі чалавек. Зачыстка працягваецца.

20.12

Працягваецца паляванне на людзей. На праспекце Пераможцаў шмат спецназаўцаў ў цывільным.

20.06

Пачаліся затрыманні. Толькі што схапілі журналістаў Радыё Свабода і Інтэрфакса. Разбіта апаратура журналістаў. Хапалі ўсіх, у каго былі фота- і відэакамеры.

20.00

Спецназаўцы ўбачылі яшчэ адну калону, якая ідзе з другога боку вуліцы, каля Палаца спорта. Туды накіраваліся аўтобусы.

Хучэй за ўсё,  там таксама пачнецца брутальная зачыстка.

19.57

Вельмі брутальную зачыстку правялі спецназаўцы каля “Светачы”. Людзі падалі на зямлю, іх падымалі і валаклі ў аутобусы. І зноў чамусці у большасці дзяўчат.

19.53

Вялікі натоўп людзей сабраўся каля дома кнігі “Светач”.  Толькі што туды пад’ехалі аўтобусы і пачалі хапаць сабраўшыхся.

19.46

На вуліцу Няміга выйшла яшчэ адна калона – гэта людзі, якія не змаглі раней выйсці з вуліцы Леніна на праспект Незалежнасці. Туды  ж пабеглі спецназаўцы. Яны робяць усё, каб перашкодзіць журналістам працаваць.

19.38

Аўтобусы і мінібусы сталі на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Багдановіча і спецназаўцы пачалі хапун.

Частка людзей пайшла ў бок Опернага тэатра. Спецназаўцы пабеглі за імі. Чутна, як па рацыях перадаюць: работаем, работаем…

19.34

Спецназаўцы затрымалі Аліну Радашчынскую – супрацоўніцу тэлекампаніі БЕЛСАТ.

19.32

Збіты карэспандэнт БелаПАН Васіль Сямашка. Па твары журналіста цячэ кроў. Здаецца, у яго разбіта броў.

19.30

Спецназаўцы на рагу вуліц Купалы і Багдановіча зноў пачалі закідваць ў аўтобус дзяўчат. Адна дзяўчына ўпала і пачала моцна крычаць.

19.29

Галава калоны ўжо амаль на вуліцы Багдановіча. За калонай павольна едуць адзін аўтобус і чатыры мінібуса са спецназам.

19.24

Людзей зноў закідваюць у аўтобус – ужо трэці па ліку. Таксама забіраюць удзельнікаў акцыі у “варанкі” і мікрааўтобусы. Тактыка такая: пад’яжджае аўтобус і ў яго кідаюць усіх, хто быў паблізу.

19.20

Усё большая колькаць спецназаўцаў урываецца ў калону удзельнікаў акцыі. Але людзі ўсёроўна апладзіруюць, а кіроўцы сігналяць ім у знак салідарнасці. Калона расцягнулася ад праспекта Незалежнасці да Выставачнага павільёна.

19.17

На вачах нашага карэспандэнта толькі што затрымалі юнака. Яго павялі ў арку дома нумар 23 па вуліцы Янкі Купалы. Людзі пераходзяць на другі бок вуліцы Янкі Купалы. Падаецца, часцей за ўсё такім чынам блакуюць маладых людзей з заплечнікамі, калі побач няма фотакарэспандэнтаў – каб не было карцінкі.

19.16

Спецназаўскія аўтобусы накіраваліся наперарэз калоны.

19.14

Адна калона ідзе па вуліцы Янкі Купалы  Ім сігналяць кіроўцы. А яшчэ вялікі натоўп людзей сабраўся каля універсама “Цэнтральны”.

19.13

Пачаліся затрыманні. У аўтобус кідаюць перш за ўсё маладых дзўчат і юнакоў з так званым нефармальным выглядам.

19.11

Кіроўцы маршрутак сігналяць у знак салідарнасці з удзельнікамі акцыі.

19.10

Ідзе паляванне на журналістаў, асабліва фота- і відэааператараў. Польскую журналістку піхнулі з парапету, каб яна не змагла здымаць.

19.08

Супрацоўнікі спецназа ўварваліся ў калону, якая дайшла да Палаца прафсаюза, і пачалі адціскаць людзей.

19.04

Спецназаўцы толькі што затрымалі нейкага мужчыну.

19.01

Акцыя пачалася. Вялікая калона выйшла на Кастрычніцкую плошчу. Яны  — некалькі соцен чалавек   — ідуць і апладзіруюць.

У калоне шмат спецназаўцаў у цывільным з рыцыямі. Калона павялічваецца з кожнай хвілінай. 

19.00

Відавочцы, якія  сталі сведкамі таго, што зараз адбываецца на плошчы,  паміж сабой гавораць аб тым, што вельмі дзіўна выглядае канцэрт на агароджанай турнікетамі і спецназаўцамі плошчы.

18.54

Ад плошчы Перамогі ў бок Кастрычніцкай прапускаюць толькі грамадскі транспарт.

18.49

На праспекце Незалежнасці ад плошчы Якуба Коласа да Кастрычніцкай — пробка.

18.46

Як стала вядома, ужо затрыманы два журналісты:  фотакарэспандэнт Радыё Свабода  Уладзімір  Грыдзін і карэспандэнт “Нашай Нівы” Алесь Пілецкі.  Журналістаў развезлі па розных паструнках.

18.39

Зараз на Кастрычніцкай плошчы ідзе канцэрт, людзей на які прапускаюць праз металашукальнік. Ужо на плошчы сабралася больш за сотню маладых людзей, хутчэй за ўсё тых, хто прыйшоў на дыскатэку.

Брутальная зачыстка! (онлайн-рэпартаж + фота, відэа)

Брутальная зачыстка! (онлайн-рэпартаж + фота, відэа)

Брутальная зачыстка! (онлайн-рэпартаж + фота, відэа)

Брутальная зачыстка! (онлайн-рэпартаж + фота, відэа)







Поделиться ссылкой: