Да сотні чалавек  з самага ранку сабраліся перад  уваходам у будынак суда. Усе яны  – маладыя, сталыя, сваякі, знаёмыя  Андрэю і абсалютна незнаёмыя, але  не раўнадушныя людзі – спадзяваліся, што вердыкт будзе вынесены, і  яны пачуюць апошняе слова Андрэя. Усе гэтыя людзі ўпэўнены (паводле маіх апытанняў), што журналіст ні ў чым не вінаваты, што справа надуманая, прызваная не столькі пакараць Андрэя, колькі прыструніць незалежныя ад дзяржавы СМІ, журналістаў. З імі салідарныя і калегі Андрэя Пачобута, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі Еўрапарламента, дэмакратычная супольнасць Беларусі і Польшчы. Усё так, але колькі не гавары “халва”, у роце саладзей не стане… Нават калі ты на сто адсоткаў упэўнены, што справа не крымінальная, а палітычная; нават калі прызавеш Усявышняга ў сведкі і праспяваеш малітву (і такое было перад уваходам у будынак Ленінскага суда) – суд не возьме пад увагу вашую эмоцыю. І не таму што ён павінен быць непрадузятым і справядлівым, а таму, што ён такі, які ёсць… Далей, як кажуць, без каментарыяў…

Што ў сухім астатку? Як і прадказвалі многія незалежныя назіральнікі, закрыты суд і гэтым разам не паставіў апошнюю кропку. Пасля паўтарагадзіннага пасяджэння, на якім адвакаты Андрэя Пачобута Аляксандр Бірылаў і Уладзімір Кісялевіч даводзілі высокаму суду, што ў дадзенай справе відавочных парушэнняў Крымінальнага кодэксу з боку іх падаабароннага не было, суд, тым не менш, узяў тайм-аўт… Было аб’яўлена, што наступнае пасяджэнне адбудзецца 5 ліпеня…

Здавалася б, простая  крымінальная справа, ніяк не заблытаная –  ясная, як сонечны летні дзень… Ёсць сведкі, ёсць усе матэрыялы, што  тычацца непасрэдна прадмета разбіральніцтва, ёсць артыкулы абвінавачання, ёсць матэрыялы  следства… Ды і “Феміда” раённага маштабу засцераглася, можна сказаць,  ад усяго, нават працэс зрабіла закрытым. Дык у чым справа, што яшчэ муляе?.. Ну не працэс жа гэта Дрэйфуса – не цягне на такі…

Застаецца толькі гадаць, меркаваць, даваць ацэнкі службовым  асобам… Гэтым звычайна і займаюцца журналісты, калі ім не даюць поўнай інфармацыі. Але вось праблема: нават за такое свавольства можна загрымець пад крымінальны артыкул. Так што не раю называць наш (самы незалежны ў свеце суд)… дышлам. Можна і за гэта атрымаць па каўняры. Карацей, пачакаем 5-га ліпеня…

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

“Феміда” узяла тайм-аўт... (фотарэпартаж)

Фота  аўтара. 



Поделиться ссылкой: