Воля — не тое, што рукі развяжуць,

Зменяць на большую клетку малую.

Воля — не тое, што “вольны  ты” скажуць,

Воля — то воля, якую адчую.

Гэтыя паэтычныя радкі  не раз згадвалі ўдзельнікі літаратурнага свята, прысвечанага 100-годдзю беларускай паэткі, змагаркі і патрыёткі Ларысы Геніюш, якое адбылося летась, 7 жніўня, у Зэльве. На свята тады з’ехаліся больш за 500 чалавек з розных куткоў Беларусі, а таксама з Вільнюса, Беластока, Масквы.

Але за некалькі дзён да юбілейнай урачыстасці ў Зэльве мясцовыя чыноўнікі і міліцыянеры знялі з дома, дзе жыла паэтка, мемарыяльную шыльду, якую планавалася тады адкрыць на свята. Шыльду зрабіў вядомы беларускі мастак Алесь Шатэрнік.

Знялі мемарыяльную дошку і завезлі яе ў Зэльвенскі раённы аддзел унутраных спраў, дзе яна і заходзілася амаль год. Некалькі разоў на працягу гэтага часу мы спрабавалі забраць твор мастацтва з міліцыі, але яго не аддавалі. “Будзе загад з Зэльвенскага райвыканкама, тады, калі ласка, мы яе вам аддамо”, — казалі зэльвенскія міліцыянеры.

І вось, нарэшце, такі загад у міліцыю паступіў. 20 чэрвеня аўтар гэтых радкоў і паэт, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Скобла наведалі Зэльвенскі РАУС, дзе маёр міліцыі Валерый Парфенчык пад распіску аддаў нам шыльду ў гонар Ларысы Геніюш, дадаўшы, што крыміналу ў тым, што была замацавана шыльда, няма. Зразумела, нас найбольш цікавіла пытанне: а хто ж даваў загад зняць шыльду з прыватнага дома ў Зэльве? Тым больш што гаспадыня дома Любоў Уладзіміраўна Захара дазволіла яе ўсталяваць. З дакументаў у міліцыі, з якімі мы азнаёміліся, стала вядома, што загад на дэмантаж шыльды ў гонар 100-гадовага юбілею вялікай беларускай паэткі паступіў ад начальніка ідэалагічнага аддзела Зэльвенскага райвыканкама Юрыя Кулікова. І яго распараджэнне было выканана.

Дарэчы, замест металічнай шыльды ўдзельнікі свята летась прымацавалі  да сцяны яе заламінаваную фотакопію, якая знаходзіцца на доме і сёння. Па словах Міхася Скоблы, сапраўдная мемарыяльная шыльда на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш, позна ці рана ўсё ж будзе ўсталявана.

Нагадаем, што год  таму ў той самы святочны дзень, хоць і была дамоўленасць, не пусцілі  ўдзельнікаў урачыстасці і ў  раённы Дом культуры. Ён аказаўся зачыненым. Свята прыйшлося працягваць на прыступках Зэльвенскага РДК пад пякучым сонцам.

На здымку: Міхась Скобла выносіць з памяшкання зэльвенскай  міліцыі шыльду Ларысы Геніюш. Фота аўтара.



Поделиться ссылкой: