Змітра Дашкевіча затрымалі за дзень да вулічнай акцыі пратэсту 19 снежня. Яго і Эдуарда Лобава абвінавацілі ў нападзе на невядомых мужчын, якія іх затрымалі і даставілі ў міліцыю. Хлопцаў абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Эдуарда Лобава пакаралі зняволеннем на 4 гады, а Змітра Дашкевіча – на 2. Маладафронтаўцаў прызналі вязнямі сумлення.

Прысуд не ўступіў у законную сілу, бо дагэтуль не разгледжана касацыйная скарга. Нягледзячы на гэта, Змітра Дашкевіча 9 чэрвеня перавялі ў Жодзінскі следчы ізалятар. Там ён сутыкнуўся з абразамі адмінітстрацыі ў свой бок за карыстанне беларускай мовай.

Маладафронтаўцы, у прыватнасці, напісалі праваабаронцам: “Сярод абуральных фактаў, пералічаных у скарзе Змітра Дашкевіча, наступныя:

– Пагрозы фізычнай расправай і катаваннямі;

– Абраза чалавечай годнасці;

– Магчымая дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце;

– Забарона мець рэлігійную літаратуру ў камеры, хаця гэта дазволена “Правіламі утрымання асобаў пад вартай”;

– Беспрычынная канфіскацыя дазволеных асабістых рэчаў;

– Моўная дыскрымінацыя;

– Непрымальныя санітарныя умовы, адсутнасць мінімальнай павагі да чалавека пад вартай”.

Маладафронтаўцы ў сваім звароце ўказалі, што звярнуліся таксама ў Генеральную пракуратуру і Дэпартамент па выкананню пакаранняў МУС, але яны не спадзяюцца, што скарга Дашкевіча будзе расследавана і будуць прынятыя адпаведныя захады.

Поделиться: