Як вядома, крымінальная справа была заведзена на палітыка па факту падзей 19 снежня. З 20 снежня Анатоль Лябедзька знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, а 6 красавіка быў вызвалены пад падпіску аб нявыяздзе. Акрамя таго, у палітыка забралі пашпарт і не аддаюць да гэтага часу.

— Мая крымінальная справа прыпынена, гэтую інфармацыю атрымаў мой адвакат, — кажа Анатоль Лябедзька. — Больш чым тыдзень назад я накіраваў на імя начальніка следчага аддзела Анатоля Сукалы зварот па сваёй справе. І адвакат па маёй просьбе высвятляў лёс гэтага звароту. У выніку стала вядома, што я атрымаю пісьмовы адказ ад спадара Сукалы, але да 1 ліпеня той знаходзіцца ў адпачынку. Што ж да самой крымінальнай справы, то было паведамлена – яна прыпынена з нагоды таго, што адзін ці некалькі яе фігурантаў знаходзяцца “в бегах”. Але якія адносіны да гэтага мае мой пашпарт? Пры чым тут мае рэчы, які ў мяне канфіскавалі падчас вобшуку? І затым – справа прыпынена, але ж не зачынена. Яна нават не ў архіве, а ляжыць недзе ў шафе, і яе могуць у любы час дастаць. Гэта значыць, што ўсё падвешана на нявызначаны час. Я застаюся ў стане палітычнага закладніка з абмежаванымі грамадзянскімі правамі. Без пашпарту не магу нават медкамісію прайсці, атрымаць новае вадзіцельскае пасведчанне…

— Дзе зараз ваш пашпарт?

— У КДБ. Мне там адказалі так: “Потерпите еще недельку-вторую”. І да 1 ліпеня я яшчэ “потерплю”. Калі і пасля гэтага пашпарт не аддадуць, пайду на нейкія больш радыкальныя дзеянні. Я ж усё-такі не бомж, а грамадзянін Беларусі, і пашпарт у мяне павінен быць на руках.

Поделиться: