У былы маёнтак пані Элізы часцяком наведваюцца палякі, каб аддаць даніну павагі той, што зрабіла гонар польскай літаратуры і нашаму агульнаму руху за свабоду падчас паўстання 1863-1864 гадоў. Сюды, на былую сядзібу, маглі б прыязджаць сотні турыстаў, але цяпер гэта немагчыма, бо ўсё наўкол зарасло бур’янам і хмызам.

Забытая Эліза...

Адзіная дарога – ушчэнт разбітая, гразкая, непралазная  нават для ўсюдыходаў. Па словах мясцовага краязнаўцы Таццяны Савенкавай, у тутэйшай улады няма грошай на рэстаўрацыю сядзібы. Між тым не ўсё канчаткова страчана з таго, што было раней. Напрыклад, цалкам захаваўся калодзеж, часткова пограб, некалькі кляновых алей, што вялі да маёнтка, парэшткі гумна. З кожным годам дрэў менее, бо высыхаюць, валяцца ад ветру.

Сёлета мясцовыя школьнікі маюць намер высадзіць маладзенькія клёны, але дзе гарантыя, што ім не ўгатаваны лёс поўнага занядбання?.. Пяць гадоў таму (пад юбілей Ажэшкі) тут была ўстаноўлена памятная пліта, змайстраваны слупы для буслоў, журавель, вамашчаны сцяжыны, разбіты клумбы-кветнікі. Але ўсё (за выключэннем пліты ды калодзежа) страціла першапачатковы выгляд. Цяпер адзіная надзея на гродзенскіх спонсараў. Можа, адгукнецца якая добрая душа, ды парупіцца пра гістарычную мясціну…

У Гродне (а  яшчэ больш у Польшчы) імя Элізы  Ажэшкі шануецца: у яе гонар названы  вуліцы, плошчы, бібліятэкі… А тут, на малой радзіме, людзі (за малым  выключэннем) не лічаць патрэбным хоць неяк заступіцца за мясціну, дзе нарадзілася слынная літаратарка і барацьбітка за “нашу і вашу свабоду”. Крыўдна, бо не шануем асобаў, якія пракладвалі шлях да людскага жыцця простым людзям. А было ж менавіта так. Варта прыгадаць хаця б тое, што ў час паўстання 1863-64 гадоў Ажэшка была сувязной партызанскага атрада Р. Траўгута, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларускага Палесся. Яна дапамагала мясцовым вызвольнікам медыкаментамі, харчаваннем, хавала ў маёнтку самога Траўгута (пасля разгрому атрада), а пасля, рызыкуючы жыццём, адвезла яго да мяжы Каралеўства Польскага…

“Сваім універсітэтам” назвала Ажэшка нацыянальна-вызвольную барацьбу беларускага і польскага  народаў на пачатку 60-х гадоў ХІХ  стагоддзя. “Гэты момант зрабіў рашучы ўплыў на маю будучыню, пісала яна. – Гэты момант запаліў ва мне жаданне служыць Радзіме па меры сіл і характару маіх здольнасцей; з яго агню і слёз узнікла ва мне жаданне прынесці хоць маленькую цаглінку для таго выратавальнага моста над безданню, праз які павінен быў прайсці народ… Пазней мяне апаноўвалі ўсякія сумненні, але ў ідэі любасці да Радзімы і абавязку служыць ёй я ніколі не сумнявалася… Усё гэта зрабіў са мной і ва мне год 1863. Калі б не яго молат і разец, мой лёс быў бы іншы і, відаць, я не стала б пісьменніцай”.

Так, Эліза  Ажэшка была заступніцай (апроч таго, што літаратаркай) простых вясковых людзей, што туліліся ў маленькіх  хатках з вокнамі ля самай зямлі  і не мелі аніякай свабоды. Словам і справай выступала ў абарону  іх грамадзянскіх правоў, іх права  людзьмі звацца. Чаму ж тады на яе радзіннай зямлі нашчадкі тых, хто прагнуў свабоды, так няўдзячна абышліся з колішняй Ажэшкаўскай сядзібай?..

Поделиться ссылкой: