“Мы занепакоены лёсам палітзняволеных і ўмовамі адбыцця пакарання, у якіх яны вымушаны знаходзіцца. Наколькі нам вядома, у турме лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч мае праблемы з беларускай моваю. Адчуваем, што падобныя праблемы маглі ўзнікнуць у іншых незаконна асуджаных пасля масавых рэпрэсій 19 снежня 2010 г. Артыкул 17 Канстытуцыі абвяшчае, што дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца і беларуская, і расійская. Гэта юрыдычна замацоўвае аднолькавы статус дзвух моваў. Мы не разумеем, чаму Зміцер Дашкевіч — філолаг па адукацыі — вымушаны праз скаргі дамагацца выканання сваіх канстытуцыйных правоў.

Мы просім вас паўплываць на стварэнне нармальных умоваў адбыцця пакарання. У прыватнасці — ліквідаваць моўную праблему, якую штучна стварае адміністрацыя Жодзінскай турмы”.

Зварот на імя Паўла Латушкі і Анатоля Куляшова накіравала намесніца старшыні МФ Наста Палажанка, паведамілі “Народнай Волі” ў прэс-службе Міжнароднага Руху Беларускай Моладзі “Малады Фронт” (зарэгістраваны ў Чэхіі).

Нагадаем, на мінулым тыдні Зміцер Дашкевіч накіраваў скаргу на імя Генеральнага пракурора з патрабаваньнем правесці праверку з нагоды некарэктнага і абразлівага стаўлення да палітвязня з боку адміністрацыі Жодзінскай турмы.

Поделиться: