Як вынікае з ліста, у дадзены момант Міністэрствам юстыцыі вядзецца праца над канцэптуальнымі палажэннямі будучага законапраекта з улікам меркаванняў, высказаных дзяржаўнымі органамі і некамерцыйнымі арганізацыямі. Пры гэтым разглядаюцца ў роўнай ступені і пісьмовыя прапановы некамерцыйных арганізацыяў, і тыя меркаванні, што прагучалі на закрытым “круглым стале”, арганізаваным Міністэрствам для абмеркавання канцэптуальных палажэнняў законапраекта напрыканцы мінулага года.

Сярод іншага, Міністэрства юстыцыі разглядае такія важныя для некамерцыйных арганізацыяў прапановы, як магчымае пашырэнне заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі арганізацыяў, і нават магчымае выключэнне з заканадаўства нормаў пра крымінальную адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў. На думку ініцыятараў калектыўнага зварота, гэтыя словы Міністэрства нельга разглядаць як ясную заяву пра намер рэфармаваць заканадаўства аб некамерцыных арганізацыях, але іх можна трактаваць як гатоўнасць да дыялогу і камунікацыі па гэтых пытаньнях.

Нагадаем, што ўвесну бягучага года 110 грамадскіх аб’яднанняў далучыліся да калектыўнага зварота, у якім утрымліваліся прапановы і заўвагі да будучага закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”. Нагодай да зварота стала верагоднасць прыняцця гэтага законапраекта ў рэдакцыі, якая не адпавядае інтарэсам грамадскасці. Тады парламент і урад адклалі разгляд гэтага законапраекта, скіраваўшы яго на дадатковую дапрацоўку. Прапановы і заўвагі да канцэпцыі будучага заканадаўчага акту былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі, якое з’яўляецца асноўным распрацоўшчыкам законапраекта.

З тэкстам калектыўнага зварота ў парламент і ўрад па праекце Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі: http://lawtrend.org/ru/data/650/. Надалей ініцыятары калектыўнага зварота плануюць працягваць спробы ўплываць на працэс распрацоўкі гэтага законапраекта з мэтай дамагчыся найбольш поўнага ўліку ў ягоным змесце інтарэсаў грамадскасці.

Поделиться: