Нядаўна сябры яго каманды распаўсюдзілі ліст, у якім у прыватнасці гаворыцца:

“Мы звяртаемся да ўсіх, хто паставіў свой подпіс за дэмакратычных кандыдатаў, аддаў за іх свой голас, удзельнічаў у маніфістацыі 19 снежня, хто сумняваўся ў выбары ці апынуўся падманутым, паверыўшы абяцанням улады.

Андрэй Алегавіч Саннікаў застаецца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і галоўным апанентам рэжыма. Заклікаем падтрымаць яго, далучыцца да патрабаванняў вызвалення ўсіх палітзняволенных і правядзення новых выбараў пад міжнародным кантролем”.

На думку аўтараў ліста “свабодныя і празрыстыя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным кантролем, прыход да ўлады новага прэзідэнта, які будзе валодаць крэдытам даверу народа, дазволіць грамадству вырвацца з сістэмнага крызіса, а у краіне будзе адноўлена законнасць і дэмакратыя”.

Сярод падпісантаў ліста – шэраг вядомых у Беларусі людзей: экс-старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, генарал МУС Мячыслаў Грыб, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Валерый Фралоў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, палітык Віктар Івашкевіч, грамадскі актывіст Сяржук Бахун і іншыя.

“Народная Воля” звярнулася да некаторых падпісантаў ліста з пытаннямі: “Ці магчыма дамагчыся ў Беларусі новых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем? І што для гэтага трэба зрабіць?”.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка лічыць: “У мяне ёсць упэўнінасць у тым, што дамагчыся новых выбараў у Беларусі, змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага, хоць цяжка, але магчыма. Для гэтага трэба кансілідавацца. Грамадзянская супольнасць, дэмакратычныя палітыкі і партыі павінны канаслідавацца вакол адной ідэі – дамагчыся новых выбараў.  Канасалідацыя людзей – вялікая моц. У гэтым можна было ўпэўніцца падчас акцый “Стоп бензін”. Людзі выйшлі з кканкрэтным патрабаваннем – знізіць кошты на паліва і ў рэшце рэшт дамагліся свайго. Няхай гэта была лакальная перамога, але яна ўсё ж такі адбылася”.

Палітык Віктар Івашкевіч таксама лічыць, што дамагчыся рэальных зменаў у краіне і дамагчыся новых выбараў у Беларусі магчыма: “Гэта павінна адбыцца праз сапраўды масавыя акцыі”, — лічыць ён. – А ім павінна папярэднічаць шырокая інфармацыйная праца, якая зараз і праводзіцца. Важна, каб людзі ўсвядомілі, што эканамічныя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся зараз, прамы вынік палітыкі, якую праводзіць кіраўніцтва краіны”.

Поделиться: