Наш намер абумоўлены не толькі тым фактам, што ў Лісабонскім дагаворы замацаваны асаблівы характар адносін з нашымі суседзямі, але ў большай ступені тым, што бяспека Еўрасаюза, захаванне яго эканамічных і палітычных інтарэсаў, а таксама яго роля як актыўнага суб’екта міжнародных зносін знаходзяцца ў наўпроставай залежнасці ад сітуацыі ў краінах-суседзях. Ад таго, што адбываецца на нашых межах, моцна залежаць наш дабрабыт і наша бяспека.

У Паведамленні аб пераглядзе Еўрапейскай палітыкі суседства, зацверджаным 25-га траўня гэтага года, выкладзеныя асноўныя прыярытэты абноўленай стратэгіі. Перагляд быў здзейснены пасля падрабязных абмеркаванняў з усімі нашымі ўсходнімі і паўднёвымі краінамі-партнёрамі, а таксама з 27 краінамі Еўрасаюза. Таксама мы кансультаваліся з парламентамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, экспертнай супольнасцю ды іншымі зацікаўленымі бакамі: іх каштоўны ўнёсак быў для нас сталай крыніцай натхнення. Такія шырокія кансультацыі ствараюць дух сапраўднага партнёрства.

Паведамленне грунтуецца на “Партнёрстве з краінамі Паўднёвага Міжземнамор’я дзеля дэмакратыі і агульнага дабрабыту”, зацверджаным у сакавіку 2011 года, у якім мы прадставілі нашу непасрэдную рэакцыю на падзеі, што адбываліся на поўдні. У ім прадстаўленыя выразныя прапановы аб тым, якім чынам будзе працягвацца праца ў рамках партнёрства, у тым ліку ў тым, што тычыцца фінансавання. У Паведамленні мы таксама не забываемся на тыя краіны, што з усходу ад нас. Мы павінны працягваць узмацняць “Усходняе партнёрства”, якое спрыяе замацаванню складанага працэсу дэмакратычных змен. Гэты працэс грунтуецца на пагадненнях аб асацыяваным членстве, праз выкананне якіх заканадаўства краін-партнёраў можа быць беспрэцэдэнтна збліжанае з заканадаўствам Еўрасаюза. Зважаючы на нашу агульную еўрапейскую ідэнтычнасць і агульныя каштоўнасці, мы павінны падтрымаць іх на гэтым шляху і паспяхова падрыхтавацца да другога саміта “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца ў Варшаве ў верасні 2011 года.

Змены ў краінах суседства адбываюцца хутка, што прымушае нас змяняць і адаптаваць нашу палітыку. Тым не менш, лейтматывам ёсць тое, што грамадзяне ўсіх краін нашага суседства патрабуюць дэмакратычнага развіцця, захавання чалавечай годнасці, забеспячэння сацыяльнага развіцця і росквіту для ўсіх грамадзян. Новы падыход да рэалізацыі Еўрапейскай палітыкі суседства грунтуецца на чатырох кірунках.

Дыферэнцыяванае партнёрства

Агульнавядома, што ўсе суседзі Еўрасаюза вельмі розныя і што палітыка ЕС павінна гэта адлюстроўваць, але што канкрэтна гэта значыць? Я мяркую, што адпраўной кропкай можа быць тое, што рэгіён бяспекі і росквіту, у які мы хочам уключыць нашых суседзяў, трэба будаваць на грунце дэмакратычных каштоўнасцяў, вяршэнства права і захавання правоў чалавека. Мы гатовыя ісці далей і хутчэй у супрацы з тымі краінамі-партнёрамі, якія абіраюць шлях рэформаў, заснаваных на універсальных каштоўнасцях, якія мы беражэм і шануем. Мы будзем выкарыстоўваць шырокі набор інструментаў, што ёсць у распараджэнні ЕС, каб дапамагаць нашым партнёрам і заахвочваць іх, у тым ліку праз пашырэнне фінансавай падтрымкі і доступу на рынкі, праз паслядоўную эканамічную інтэграцыю ва ўнутраны рынак, спрашчэнне для грамадзян парадку перамяшчэння, у прыватнасці, пры дапамозе так званага партнёрства дзеля мабільнасці або ўдзелу ў дзейнасці шэрагу агенцтваў і рэалізацыі праграм Еўрасаюза. Такі падыход я называю прынцыпам “больш за большае”.

Партнёрства з людзьмі

У мінулым мы занадта часта надавалі больш увагі адносінам з уладамі, чым супрацоўніцтву з грамадзянскай супольнасцю. Мы павінны аднавіць раўнавагу. Няўрадавыя арганізацыі адыгрываюць ключавую ролю ў прасоўванні дэмакратычных, рынкавых рэформаў, а квітнеючая грамадзянская супольнасць – гэта бар’ер на шляху да аўтарытарызму, таму што яна прыцягвае ўлады да адказнасці. Мы прапануем аказваць больш эфектыўную падтрымку развіццю грамадзянскай супольнасці. Мы прапануем заснаваць Фонд грамадзянскай супольнасці, які будзе дапамагаць няўрадавым арганізацыям, развіваць іх магчымасці па прасоўванні і абароне грамадскіх інтарэсаў і ўмацоўваць іх здольнасці ажыццяўляць назіранне за ходам рэформ. Акрамя гэтага, мы хочам развіваць сувязі паміж людзьмі. Мы прапануем павялічыць не толькі памеры фінансавання, прызначанага для праграм абмена студэнтамі, але і прыняць меры, неабходныя для спрашчэння парадку законнага перамяшчэння людзей праз межы ЕС, забяспечваючы пры гэтым бяспеку нашых грамадзян.

Усёабдымнае партнёрства

З уваходжаннем у сілу Лісабонскага дагавора палітычнае супрацоўніцтва паміж ЕС і яго непасрэднымі суседзямі можа перайсці да развіцця з большай хуткасцю ў цэлым шэрагу сфер. Гэта азначае ўдзел у вырашэнні некаторых глабальных праблем, якія закранаюць у роўнай ступені і ЕС, і яго суседзяў: энергетычная бяспека, змены клімата, барацьба з міжнародным тэрарызмам і нераспаўсюд ядзернай зброі. Таксама гэта азначае адказ на выклікі ў галіне бяспекі, якія з’яўляюцца найбольш неадкладнымі праблемамі для нашых суседзяў – напрыклад, як мы можам дапамагчы ў вырашэнні зацяжных канфліктаў? Лісабонскі дагавор прадугледжвае больш магчымасцяў для больш узгодненага і эфектыўнага выкарыстання ўсяго спектра інструментаў ЕС – як грамадзянскіх, так і ваенных.

Партнёрства, якое культывуецца

Калі нашым адносінам з суседзямі наканавана ўмацоўвацца, нашы палітыкі павінны будуць прысвячаць дастаткова часу і ўвагі для таго, каб разам з калегамі з суседніх краін сумесна надаваць яму эфектыўны палітычны кірунак. Неабходна весці падрабязны дыялог на высокім узроўні не толькі па агульнапалітычных пытаннях, але і ў кожнай канкрэтнай сферы нашага супрацоўніцтва.

Для ажыццяўлення больш амбітнай стратэгіі неабходныя большыя рэсурсы. У Паведамленні прапаноўваецца выдзеліць 1.24 мільярды еўра на перыяд 2011-2013 гг. у выглядзе грантаў для падтрымкі ўсіх прапанаваных ініцыятыў. Гэтыя сродкі будуць выдзеленыя ў дадатак да ўжо прызначаных для краін суседства 5.7 мільярдаў еўра на перыяд 2011-2013 гг. 

Выклікі, з якімі сутыкаюцца нашы суседзі, вялізныя, і калі будзе зроблена занадта мала і занадта позна, наступствы будуць згубнымі. У нас ёсць абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі грамадзян і Еўрасаюза, і краін суседства, і мы павінны знайсці спосаб адказаць на гэтыя выклікі.

Поделиться: