Адметнасць яе ў тым, што гэта найстаражытнейшы абарончы храм у Беларусі. І вось – якія тры месяцы назад – спецыялісты па старажытнаму дойлідству ўсумніліся ў даціроўцы пабудовы Сынкавіцкай царквы. Чаму? У Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях яны вычыталі, што ў царкве маюцца графіці, і што тыя графіці схаваны пад слоем тынкоўкі. Рэстаўратары насамрэч выявілі пад тоўстым слоем тынкоўкі сярэдневечныя надпісы на лацінскай і славянскай мовах. Работы працягваюцца. Калі высветліцца, што надпісы сапраўды датуюцца раннім Сярэднявеччам, то гісторыю храма можна будзе перапісваць нанава. Ва ўсялякім разе, так думае настаяцель царквы айцец Арсеній. Не выключана, што царкву збудавалі не пры каралеве Боне Сфорцы, а нашмат раней. У 16 стагоддзі яе, верагодней за ўсё, проста перабудавалі, ці паднавілі.

Але пра што гавораць сярэднявечныя графіці, якія адкрыліся вачам рэстаўратараў? Надрапаныя на сценах словы расказваюць у асноўным пра палітычныя падзеі, што мелі месца ў сярэднія вякі. А на грэчаскай мове – пераважна  малітвы. Напрыклад, ужо расшыфравана біблейскае пасланне Іаана І. Самае ўнікальнае з графіці датуецца 1596 годам. На грэчаскай мове чытаецца фраза: “О, Божа, з Рыма да нас ідзе унія!”

Рэстаўрацыйная  праца тым часам працягваецца, але вельмі марудна, бо не хапае фінансавых сродкаў. А калі ўрэшце будзе завершана, то яшчэ невядома, што адкрыецца пад тоўстым слоем тынкоўкі…



Поделиться ссылкой: