Адна з узнагарод — прыз глядацкіх сімпатыяў, другая — адмысловы прыз журы за «экспрэсіўнасць аўтара і ягонае грамадзянскае сумленне».

У конкурснай праграме фестывалю побач з «Лобатаміяй» удзельнічалі 28 фільмаў з 19 краін.

“Лобатамію” Хашчавацкі здымаў у супрацы з тэлеканалам «Белсат» і замежнымі партнёрамі.

— Фільм паказвае жахлівую палітыку «братняй краіны» Расіі ў дачыненні да сваіх суседзяў, — адзначыў прэс-сакратар “Белсата” Сяргей Пеляса. — На прыкладзе гучных канфліктаў апошніх гадоў, між іншага, расійска-грузінскай вайны, аўтар паказвае, што ў сучасным свеце скальпель у руках хірурга замянілі сродкі масавай інфармацыі, а ў ролі псіхіятраў выступаюць палітыкі.

«Лобатамія» — гэта ўнікальныя кадры расійска-грузінскага канфлікту 2008 годзе, якія аўтар атрымаў з МЗС Грузіі. Аўтар супастаўляе гэтыя здымкі з тым, што бачылі на экранах сваіх тэлевізараў гледачы ў Расіі. У стужцы Хашчавацкі спрабуе зразумець, чаму жыхары постсавецкіх краін гэтак лёгка паддаюцца маніпуляцыям з боку медыяў. Наступствы хірургічнага ўмяшання пры лобатаміі настолькі сур’ёзныя, што ўлады СССР забаранілі практыкаваць яе ўжо ў 1950 г., бо «лобатамія ператварае хворага чалавека ў поўнага ідыёта».



Поделиться ссылкой: