Карэспандэнт “Народнай Волі” патэлефанаваў вядомаму спартсмену.

— Вы мяне прама з-пад “дзяўчынкі”дасталі сваім тэлефанаваннем”,— здзівіў першай фразай Вячаслаў Васільевіч.

—“Дзяўчынкай” я называю гіру, вось і сёння, у дзень народзінаў, трэніруюся, ужо некалькі падыходаў зрабіў, і яна «дзяўчынка», мне ні разу не адмовіла…

Асілак прызнаецца, што не адчувае сябе на 50 гадоў.

— Па пашпарце так, там пазначана, што мне 50, але ў душы – максімум 30. І тое пасля шыкоўнага застолля. Жартую. Вы ж ведаеце, я амаль не ўжываю спіртнога і не палю…

На пытанне аб тым, які падарунак—  самы лепшы на 50-годдзе, Харанека пасля паузы адказаў.

— Само жыццё. Так што свой самы галоўны падарунак я атрымаў 11 красавіка бягучага года, калі застаўся жывым пасля выбуха ў сталічным метро (падчас выбуха Харанеку рассекла галаву, ад больш цяжкіх наступстваў спартсмена ўратавала добрая рэакцыя — Аўт). Я веруючы чалавек і таму дагэтуль дзякую Богу і свайму анёлу-ахоўніку. Нехта там, на нябёсах, захацеў, каб мой жыццёвы шлях працягнуўся, а гэта значыць, што я зрабіў на зямлі не ўсё, што мне наканавана.

На наступным тыдні Вячаслаў Харанека збіраецца ўсталяваць свой чарговы рэкорд.

— Цягам двух хвілін, седзячы ў гімнастычным шпагаце, я буду ўздымаць 16-кілаграмовую гіру. Паглядзім, колькі ўздымаў удасцца зрабіць, але пастараюся выйсці на рэкорд — зрабіць 40 уздымаў. А потым можна будзе і дзень народзінаў адсвяткаваць, — кажа Вячаслаў Харанека.

Поделиться ссылкой: