9 чэрвеня ў апеляцыйнай інстанцыі Гаспадарчага суда Мінска будзе разгледжана скарга партыі БНФ на рашэнне гэтага ж суда аб высяленні партыі з мінскага офіса па адрасе Машэрава,8.

— Са ЖРЭА Савецкага раёна было падпісана пагадненне аб арэндзе памяшкання да канца 2010 года, — нагадаў “Народнай Волі” старшыня партыі Аляксей Янукевіч. — У сваю чаргу ЖРЭА прадставіла нам гарантыйны ліст аб заключэнні далейшай дамовы на тры гады. Іншымі словамі, яны павінны былі падоўжыць нам арэнду, але па заканчэнні тэрміна дзеяння той, што мы падпісалі, ЖРЭА звярнулася ў суд, патрабуючы нашага высялення…

Адзначым, што судом прынята рашэнне аб пазбаўленні партыі БНФ офіса ў цэнтры сталіцы. І вось зараз партыйцы падалі скаргу аб прымушэнні да падпісання пагаднення паміж БНФ і ЖРЭА. Галоўны аргумент прадстаўнікоў БНФ — наяўнасць таго самага гарантыйнага ліста. Маўляў, раз ЖРЭА яго падпісаў, тэрмін арэнды павінен быць працягнуты.

У незалежнасці ад таго, якое рашэнне па скарзе будзе прынята ў судзе, партыйцы не збіраюцца высяляцца.

— Добраахвотна мы пакідаць офіс не збіраемся, — адзначыў Аляксей Янукевіч. — Праўда, калі справа дойдзе да брутальнага вырашэння пытання, напрыклад, высяляць нас прыйдзе АМАП ці міліцыя, супраціўлення мы ім аказваць не будзем.

Адзначым, што офіс на Машэрава,8 партыя БНФ арэндуе з 1992 года.

Поделиться: