Як напісана на сайце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, загад аб правядзенні пазачарговай атэстацыі выдадзены “ў мэтах павышэння адказнасці адвакатаў за выкананне дзяржаўных функцый па забеспячэнні правоў і свабод фізічных і юрыдычных асоб, якаснага выканання прафесійных абавязкаў па аказанні кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі”.

Загадам прадугледжана, што пазачарговая атэстацыя адвакатаў абласных (Мінскай гарадской) калегій адвакатаў пройдзе з 15 чэрвеня па 15 верасня.

Прычым “атэстацыя старшыняў і намеснікаў старшыняў Рэспубліканскай, абласных і Мінскай гарадской калегій адвакатаў, загадчыкаў гарадскіх і раённых юрыдычных кансультацый, кіраўнікоў іншых арганізацыйных форм ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці” будзе праводзіцца Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

“Пры правядзенні атэстацыі адвакатаў будуць улічвацца якасныя і колькасныя паказчыкі працы адвакатаў па розных катэгорыях спраў, выкананне бясплатнай юрыдычнай дапамогі, прававая асвета насельніцтва, наяўнасць дысцыплінарных спагнанняў, прадпісанняў і прадстаўленняў органаў юстыцыі пра ўхіленне парушэнняў заканадаўства”, — адзначаецца ў паведамленні Мінюста.

Многія адвакаты пакуль устрымліваюцца ад каментарыяў для прэсы. Кажуць толькі, што звычайна атэстацыя адвакатаў праводзіцца раз на пяць гадоў. Любая атэстацыя, а тым больш пазачарговая, безумоўна, у некаторай ступені стрэсавы момант. Як кажуць самі адвакаты, гэта своеасаблівы тэст на тое, падыходзіш ты для гэтай прафесіі альбо не. Аднак нельга сказаць, што працэдура атэстацыі была скіравана на чыстку радоў.

“У нас калі адвакат здзейсніў штосьці такое нявартае, то мы ўжываем меры дысцыплінарнага характару —  аж да адлічэння з адвакатуры, — распавёў нам адзін вядомы беларускі адвакат. — Таму на атэстацыі такія сітуацыі не частыя. Як будзе ў выпадку пазачарговай атэстацыі — цяжка спрагназаваць. Раней у нас ніколі не было пазачарговых атэстацый…”

Старшыня юрыдычнай камісіі РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Гары Паганяйла гаворыць, што вывучыў масу заканадаўчых актаў, але ні ў адным з іх не знайшоў права Міністэрства юстыцыі праводзіць пазачарговыя атэстацыі ўсяго адвакацкага корпуса.

— Можа быць, і трэба праверыць кваліфікацыю асобных адвакатаў і іх адпаведнасць таму ўзроўню, якога патрабуе дзяржава, — кажа Гары Пятровіч. — Аднак, атрымаўшы ліцэнзію на пяць гадоў на права адвакацкай дзейнасці, адвакат дапушчаны да прафесіі і мае права ёю займацца. Што да праверак з боку органаў адвакацкага самакіравання і Мінюста, то яны могуць праводзіцца па распараджэнні адпаведных кампетэнтных органаў. Але любая праверка падпарадкавана агульным правілам — павінны быць вызначаны тэрмін, парадак і мэта правядзення гэтых праверак.

Мы ведаем, што са снежня мінулага года пачаліся розныя прадстаўленні і праверкі Мінюста ў дачыненні да некаторых адвакатаў, юрыдычных кансультацый і Мінскай гарадской калегіі ў цэлым. Гэтыя праверкі фактычна працягваюцца дагэтуль. У цэлым Мінская гарадская калегія падвяргалася не проста выбарачнай, а сістэмнай праверцы. Дык вось права на правядзенне пазачарговых такіх атэстацый законам не прадугледжана. І я мяркую, што тут Мінюст перавысіў свае паўнамоцтвы. Павінна было здарыцца нешта экстраардынарнае, каб праводзіць пазачарговую атэстацыю. Я разумею, калі б змяніліся заканадаўчыя ўмовы адвакацкай дзейнасці, калі б паўсюдна былі выяўлены факты грубых парушэнняў, у тым ліку адвакацкай этыкі, па нейкіх чынніках была зніжана эфектыўнасць юрыдычнай дзейнасці адвакатаў ці прыняты шматлікія акты ў галіне судаводства, якія запатрабавалі б праверкі іх ведаў. Але мне здаецца, што Мінюст хоча выкарыстаць гэтую атэстацыю як прыладу застрашвання адвакатаў, як умову, пры якой адвакаты будуць няўпэўнена пачуваць сябе ў прафесіі.

Я лічу, што гэтая акцыя незаконная, і яе можна абскардзіць у Савеце Міністраў, якому падпарадкаваны Мінюст, і Саўмін можа адмяніць акт, які кранае правы і інтарэсы грамадзян. Можна таксама звярнуцца ў суды агульнай юрысдыкцыі аб прызнанні гэтага юрыдычнага акта несапраўдным, які ўшчамляе законныя правы і інтарэсы грамадзян.

Не ведаю, ці пойдуць на гэты крок адвакаты, але такое права ў іх ёсць. Я разумею, што ў сённяшніх умовах не ўсе адвакаты гатовыя на пратэст, бо яны задушаны структурамі дзяржаўнай улады.

У выніку пазачарговай атэстацыі сваіх месцаў могуць пазбавіцца непажаданыя для ўлады адвакаты, у тым ліку вельмі прафесійныя, тыя, хто займае кіруючыя пасады. Гэта праблема вельмі сур’ёзная, небяспечная для незалежнага інстытута адвакатуры і грамадства ў цэлым. Хачу падкрэсліць, што гэта праблема не толькі адвакатаў, але і спажыўцоў адвакацкіх паслуг. Незалежнасць адвакатуры павінна быць захавана.

У хуткім часе БХК мае намер яшчэ больш дасканала вывучыць дакументы Мінюста, іншыя нарматыўна-прававыя акты і звярнуцца ў Савет Міністраў, а таксама ў Вышэйшы Гаспадарчы суд для публічнага вырашэння гэтай праблемы.

Мы жадалі б падаць прыклад і грамадзянскай супольнасці, і адвакатам, што за свае правы неабходна змагацца.

Поделиться: