Нагадаем, у выніку канфлікту з рэвізорам «Мінсктранса» і супрацоўнікамі міліцыі мужчыну абавязалі выплаціць штраф у 700 тысяч. Спачатку яго актыўна баранілі людзі ў аўтобусе і на прыпынку: даведзеныя да роспачы ростам цэнаў, людзі абураліся дзеяннямі ўладаў.
Даведаўшыся пра такое развіццё падзей, у сацыяльных сетках актыўна падхапілі ініцыятыву сабраць у дапамогу Алегу сродкі на аплату штрафу. Сабраная сума з ліхвой яго пакрые.
Навіну аб бойцы з міліцыяй на Нямізе актыўна абмяркоўвалі на форумах і ў сацсетках. Калі з’явілася інфармацыя аб тым, што Алега аштрафавалі, дзясяткі людзей адгукнуліся з жаданнем аказаць яму матэрыяльную дапамогу. Вынікі арганізаванай у соцсетях акцыі па зборы сродкаў, мякка кажучы, здзівілі. Так, толькі з дапамогай Twitter за 4 гадзіны было сабрана больш за 1 млн 290 тысяч рублёў. Нямала сабралі таксама блогеры.
А 18.30 на прыпынку на Нямізе, дзе 2 дні таму і адбылася бойка, сабралася каля трыццаці чалавек, якія пажадалі асабіста перадаць Алегу сродкі, сказаць словы падзякі і паціснуць руку. Злёгку збянтэжаны, Алег дзякаваў мінчукам, якія падыходзілі да яго са словамі: «Алег, ведайце, што вы не адзін», «Дзякуй, што вы ёсць», «Дзякуй за грамадзянскую пазіцыю», «Вы ўскалыхнулі краіну», «Можна паціснуць вам руку».
Людзі падыходзілі і сыходзілі, хтосьці затрымліваўся. Але дзесьці хвілін праз 15, са з’яўленнем людзей у цывільным, усе разышліся.
— Дзякуй усім вялізны, сябры, я узрушаны. Я ніяк не чакаў такога эфекту, чэснае слова, усяго толькі хацеў дапамагчы чалавеку, — дзякаваў Алег ўсіх прысутных. — Калі бачыш бязмежжа з боку кантралёраў, заўсёды хочацца дапамагчы…
— Як думаеце, чаму людзі сталі на ваш бок?
– Мусіць, калі я ляжаў на зямлі, усе думалі, што гэта я не аплаціў праезд. Мабыць, у кожнага здараліся такія сітуацыі, калі кантралёр патрабаваў аплаты штрафу на месцы, хоць разбіся, але аплаці. А тут яшчэ міліцыя, гэта людзей і зачапіла. Мабыць, быў нейкі прэцэдэнт, — разважае Алег.
— Апратэстоўваць рашэнне суда я не буду. Зразумела, што міліцыя працавала як след, яна затрымлівала парушальніка, які не падпарадкаваўся ёй.
Уявіце супрацоўніка міліцыі, які б мяне адпусціў — ён бы дрэнна сябе адчуваў, тое самае кандуктарка-кантралёрка. Таму для іх было альбо загінуць на месцы, або ўзяць мяне…
— Як выдаткуеце сабраныя для вас сродкі?
— Аплачу штраф, а рэшту… Заўсёды ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, у іх ёсьць рахункі…
Як паведаміў Алег, сам ён ездзіць з праязным, працуе цяпер развозчыкам вады.
— Што будзеце зараз рабіць?
— Хачу купіць сабе бардовую кашулю, такую ж, у якой быў тады — тую памыў і пакіну яе як рэліквію, на памяць.
Праводзілі Алега апладысментамі.
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!