Усе пяць абвінавачаных былі прызнаныя вінаватымі ў выстаўленых ім абвінавачаннях. Ігару Аліневічу –8 год у калоніі ўзмоцненага рэжыма, Мікалаю Дзядку – 4 з паловай гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыма, Аляксандру Францкевічу – 3 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыма, Максіму Веткіну – 4 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (“хімія”), Яўгену Сілівончыку – паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (“хімія”).  

Бацькі большасці з асуджаных «анархістаў» называюць працэс палітычным, а прысуд — паказальным ды надзвычай жорсткім і заяўляюць пра намер яго абскардзіць. Бацька асуджанага Аляксандар Дзядок, які сам раней працаваў суддзёй, кажа, што віна абвінавачаных не была даказаная. Ягонага сына агаварылі пад ціскам следзтва, паведамляе сайт “Радыё Свабода”.

«Майго сына агаварылі некалькі чалавек. Суд сёння агучыў, што на яго далі паказанні сведка Канафальскі і сведка Акдыф. Але сведка Акдыф з абсалютна незаконных прычын ня быў выкліканы ў суд. Чаму? Мяркую, у судзе б ён змяніў свае паказанні, бо падчас следзтва яны былі атрыманыя праз незаконныя дзеянні. Як гэта зрабіў Канафальскі, калі даваў паказанні ў судзе, як кажуць, вочы ў вочы».

На працэсе некалькі сведак істотна змянілі паказанні і казалі, што на следзтве ім пагражалі. Паводле назіральнікаў, няма і наўпроставых рэчавых доказаў таго, што менавіта гэтыя прыхільнікі анархізму датычныя да сілавых акцый. У прыватнасці, да закідвання «кактэйлем Молатава» амбасады Расіі ці спробы падпалу будынка міліцыі. Маці Ігара Аліневіча, якога следзтва палічыла адным з арганізатараў і выканаўцаў акцый, кажа, што віна яе сына не была даказана ўвогуле:

Бацькі асуджаных анархістаў: Нашых сыноў агаварылі пад ціскам следcтва

Валянціна Аліневіч

«Пасля 19 снежня ў мяне не было надзей на аб’ектыўнасць, але ўсё ж я думала пра суд, што ўсё будзе неяк у межах нормы. І першыя дні суд яшчэ пытаўся ў абвінавачаных, ці не аказвалі на вас нейкі ціск. Але потым усё ператварылася ў спектакль. Я не стрымала слёз, калі ўсе гэтыя хлопцы адзін за адным адмаўляліся ад паказанняў і распавядалі, які ціск на іх чынілі праваахоўныя органы».

Валянціна Аліневіч кажа, што будзе да апошняга змагацца за вызваленне сына. Маці асуджанага запэўніла, што скарга на прысуд будзе пададзена абавязкова.

Сярод эпізодаў, якія фігуравалі ў справе анархістаў, была і акцыя каля Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе. Журналіст Аляксандар Ярашэвіч мяркуе, што яна была цалкам мірная:

«Большасьць акцый мелі сімвалічны характар. Акцыя каля Генштабу — гэта ўвогуле мірнае шэсце супраць манеўраў, супраць таго, што дзяржава выдаткоўвае грошы на ваенную тэхніку, змагаецца з уяўным ворагам, а заробкі робяцца ўсё меншыя і меншыя».

Паводле прыхільнікаў анархізму, у Беларусі няма магчымасці выказаць пратэст супраць цяперашніх парадкаў праз вулічныя акцыі, і таму некаторая частка моладзі выбірае больш радыкальныя сродкі пратэста. Вынік працэсу ў Заводскім судзе гэтую праблему не вырашае, казалі мае суразмоўцы, якія прыходзілі ў суд.

У справе фігуравалі таксама эпізоды пашкоджання будынкаў Палаца прафсаюзаў, філіяла «Беларусбанка», казіно «Шангры-Ла» ды іншых аб’ектаў.

Поделиться: