—  Вярнулі камп’ютар, флэшку ад фотаапарата, журнал “ARCHE”, яшчэ некалькі папер. Тое, што не аддалі, палічылі “запрещенной литературой”, а гэта – нумар газеты “Наша Ніва”, выразаныя літары, з якіх можна было скласці сказ “Я люблю Беларусь”. Але больш за ўсё мяне пакрыўдзіла тое, што з камп’ютара сцерлі ўсю інфармацыю – усе мае напрацоўкі, планы па ўроках, пазакласных мерапрыемстваў, краязнаўчыя даследаванні, нават фотаздымкі з этнаграфічных экскурсій, якія я ладзіла з дзецьмі, — гаворыць Наталля Ільініч.

Як вядома, настаўніцу гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна Наталлю Ільніч звольнілі з працы менавіта пасля вобыску 5 студзеня 2011 года, які адбыўся ў яе доме. Міліцыянеры і не хавалі, што абшукваюць хату настаўніцы з-за падзей 19 снежня. Наталля лічыла, што яе звальненне было звязана менавіта з-за яе грамадзянскай пазіцыі. Дырэктар Талькаўскай школы Наталля Меркуль заяўляла, што не працягнула кантракт з настаўніцай вышэйшай катэгорыі Ільініч толькі з-за памылак у школьным журнале, якія яна рабіла,  і несвоечасовую праверку дзённікаў.

Дарэчы, дырэктар Наталля Меркуль і суддзя Пухавіцкага раёна Святлана Акуліч, якая, негледзячы на сведчанні настаўнікаў Талькаўскай школы, былых выпускнікоў Ільініч, бацькоў дзяцей, палічыла, што ў дырэктара школы былі законныя падставы не працягваць з Ільініч працоўны кантракт і не аднавіла яе на працы, трапілі ў спіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз.

Поделиться ссылкой: