— Усё больш і больш мы бачым пашырэнне ўжывання палітычных рэпрэсіяў у Беларусі ў дачыненні да журналістаў. Ідуць судовыя працэсы без усялякіх на тое падставаў, журналістаў садзяць у турмы, штрафуюць, — заявіў Ёхан Бір у інтэрв’ю прэс-службе БАЖ. — Насцярожвае тое, што гэта ўсё не з’яўляецца адзінкавымі выпадкамі, а ёсць тэндэнцыяй.

Бір падкрэсліў, што «Рэпарцёры без межаў» адсочваюць гэтую тэндэнцыю і вельмі занепакоеныя развіццём сітуацыі.

— Беларусь займала ў мінулым годзе 154-е месца ў свеце ў рэйтынгу свабоды прэсы. Канешне, у гэтым годзе месца Беларусі будзе яшчэ больш нізкім, бо рэпрэсіі, якія пачаліся пасля 19 снежня 2010 году, яшчэ больш узмацніліся за мінуўшы час.

Усе выпадкі парушэння свабоды слова ў Беларусі фіксуюцца «Рэпарцёрамі без межаў», запэўніў Бір.
— Мы распаўсюджваем гэтую інфармацыю паўсюль у свеце і даводзім да кіраўніцтва Еўразвязу думку наконт пашырэння санкцый у дачыненні да афіцыйнай Беларусі.

Ёхан Бір асобна выдзяляе выпадкі рэпрэсій з боку беларускіх уладаў у дачыненні да грамадзян іншых дзяржаў.

Сярод апошніх ён узгадаў ануляванне беларускімі памежнікамі візы польскаму грамадзяніну, старшыні ўправы Радыё Рацыя Яўгену Вапе, а таксама перашкоды ў працы расійскім журналістам.

— Гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі ёсць свае «чорныя спісы», што толькі па палітычных матывах — цалкам беззаконна — магчыма ўсё: могуць не пусціць у краіну журналіста, могуць судзіць і пасадзіць.

Поделиться ссылкой: