Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб павышэнні працоўных пенсій з 1 чэрвеня. У сярэднім, пенсіі вырастуць на 13,7 працэнтаў, альбо 80,5 тыс. рублёў. Па цяперашнім афіцыйным валютным курсе – на 16 долараў, па курсу валютчыкаў яшчэ меней – на 13 з паловай долараў.

Але ж каб вярнуць пенсіянерам тое, што ім улады далі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў – а з 1 лістапада 2010 года сярэдняя працоўная пенсія складала ў пераліку на долары 204 амерыканскія рублі, павялічваць пенсіі трэба было ўдвая. Бо зараз сярэдняя  працоўная пенсія ў Беларусі складае 614 тысяч 397 рублёў. Па афіцыйным курсе гэта прыблізна 123 долары, па “чорным” – каля 105 долараў.

Аднак улады вырашылі абмежавацца толькі заканадаўствам. Пенсіі павялічылі таму, што ў I квартале 2011 года павялічыліся заробкі працоўных. І гэтага росту зарплат хапіла, каб, згодна з законам, павысіць і пенсіі. А тое, што гэтай прыбаўкі хопіць толькі на банку замежнага кофе альбо двух кілаграмаў не самай лепшай сыравэнджанай каўбасы, нікога не хвалюе.

Між іншым хацелася б нагадаць, што ў параўнанні з нашымі суседзямі беларускія пенсіянеры атрымліваюць проста мізерную пенсію, нават пасля чэрвеньскага павышэння яна ў два разы меншая за пенсіі расіян. А яшчэ не так даўно расійскія пенсіянеры зайздрозділі  высокім пенсіям беларусаў. Здавалася б, і кіраўнік у Беларусі ўсё той жа, і курсам ідзем нязменным, але жыць сталі горш…

Памер сярэдняй працоўнай пенсіі (у доларах ЗША)

Польша 600

Латвія 437

Літва 320

Расія 298

Україна 150

Беларусь 139 ( з 1 чэрвеня)

Поделиться ссылкой: