Канцылярыя прэзідэнта Польшчы пакуль не мае дакладнага плану перамоваў прэзідэнтаў, але не выключае, што пытанне Беларусі будзе ўзнятае ў размове кіраўнікоў краінаў. Каардынатар фонду NED Ёанна Рагазіньская, кажа, што пазіцыі ЗША і Польшчы па пытанні Беларусі вельмі блізкія: “ Можна даволі ўпэўнена сказаць, што справа дэмакратыі ў Беларусі, хутчэй будзей тэмай размовы між прэзідэнтамі ЗША і Польшчы, калі Абама будзе ў Варшаве ў суботу. Польшча даволі моцна прасоўвае канцэпцыю стварэння фонду на карысць дэмакратыі. Гэта будзе прыярытэтам пад час прэзідэнцтва Польшчы ў Еўрапейскім саюзе, таксама гэтыя высілкі адназначна падтрымліваюцца ЗША”.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зазначае, што пра Беларусь будуць гаварыць, але для Адміністрацыі Барака Абамы Беларусь не з’яўляецца прыярытэтам у замежнай палітыцы: ”З прыходам Абамы да ўлады, слабейшай стала роля Штатаў ва Усходняй Еўропе. Больш акцэнтуюць на Цэнтральнай Азіі і Каспійскім рэгіёнах. Злучаныя Штаты ў дадзеным выпадку імкнуцца ў гармоніі з Масквой нешта рабіць з Лукашэнкам і гэтыя факты маюць месца. Наколькі яны эфектыўныя сказаць цяжка, Лукашэнка сёння пры ўладзе”.

Барак Абама прыбудзе ў Польшчу 27 мая з двухдзённым візітам. У планах візіта, сустрэча з прэзідэнтам і прэм’ерам Польшчы ды ўдзел у 17-ым саміце кіраўнікоў краінаў Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы.
Былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі лічыць, што пытанне адносінаў з Беларуссю не простае і патрабуе сур’ёзных абмеркаванняў: ” Даволі важная праблема бяспекі. Некалькі месяцаў бачым паўстанні ў Паўночнай Афрыцы супраць недэмакратычных урадаў. Так і мы павінны браць пад увагу, што раней ці пазней можа дайсці да такога паўстання ў Беларусі супраць недэмакратычнага прэзідэнта, супраць недэмакратычнага ўрада. Мы, палякі, можам мець побач са сваёй усходняй мяжой такога ўсходняга Кадафі. Мы павінныя размаўляць з нашымі саюзнікамі, як у такой сітуацыі будуць паводзіць суседнія дзяржавы, ААН, Еўрапейскі саюз, НАТА. Праблемы, якія могуць быць на нашай усходняй мяжы з недэмакратычнай краінай якой з’яўляецца Беларусь, рэальныя”.

Вітальд Вашчыкоўскі згадвае і іншыя праблемы і пытанні, якія варта абмяркоўваць у звязку з беларускай тэмай: “Пытанняў шмат: і тэрытарыяльнае суседства, і блізкія кантакты між польскімі і беларускімі арганізацыямі, і вялікая колькасць журналістаў, якія працуюць па розных баках мяжы, і іншыя пытанні”.
Былы польскі дыпламат у Мінску Марэк Буцько лічыць, што пра Беларусь увогуле мала ведаюць у свеце, перадусім у Еўропе: “Гэтыя веды (адносна Беларусі. – РР) былі б прыдатныя і ў амераканскай палітыцы, і ў палітыцы еўрапейскай, бо калі ідзе гутарка пра ЗША, то інфармацыі, датычнай Беларусі, ёсць даволі шмат, калі ідзе аб частцы краін Еўропы, то яе палітыка ў мінулым праводзілася вельмі няўдала. Гэта перадусім было вынікам недастаковай колькасці інфармацыі, а таксама па той прычыне, што голасу Польшчы не хацелі ў Еўропе чуць. Важна каб сама Польшча хацела падзяліцца гэтымі ведамі”.

Доктар, палітолаг Гжэгож Костжэва-Зорбас лічыць, што ранейшая палітыка Еўропы і ЗША у адносінах да Беларусі была неэфектыўная і не прыносіла плёну: “Праўдападобна будуць паўтораныя тыя ж вядомыя ацэнкі, а мэтай будзе задача прыдумаць новую праграму новых дзеянняў, больш выніковых, якія б прынеслі вынікі без чакання доўгімі гадамі. Гэтае заданне дасюль адкрытае: хто зможа, той гэта зробіць. На жаль, ні ЗША, ні Польшча, ні яе цяперашні ўрад, ні папярэднія ўрады, у выпадку ЗША, ні цяперашняя адміністрацыя, дэмакратычная, ні папярэдняя рэспубліканская не змаглі вырашыць гэтыю задачу. Прапановы падаюць незалежныя палітыкі, палітолагі, грамадскія дзеячы, але дзяржавы іх часта не слухаюць.

Поделиться: