Карыстальнік  інтэрнэт-часопіса ЖЖ з нікам sovest_narodnay падняў сярод карыстальнікаў гэтага партала актуальнае пытанне аб коштах на кватэры. Насамрэч, валютны крызіс панізіў заробкі беларусаў амаль удвая, а кватэры дагэтуль прапаноўваюцца па старых коштах,а аплату патрабуюць у валюце. Між тым у сітуацыі, калі кошты растуць, а заробкі, наадварот, падаюць, знайсці тыя самыя 200-250 долараў у месяц вельмі складана. Усхваляваныя праблемамі на жыллёвым рынку, карыстальнікі байнета склалі свой маніфест, які носіць гучную назву “Маніфест сумлення. Спынім гуманітарную катастрофу ў Беларусі”.

Аўтары маніфеста  прапануюць разумныя, па сваіх меркаваннях, кошты на кватэры, прычым толькі ў  беларускіх рублях. Згодна з інтэрнэт-мітынгоўшчыкамі  кватэра ў добрым стане без  мэблі далёка ад метро павінна  каштаваць да 680 тысяч, у добрым стане з мэбляй далёка ад метро – да 760 тысяч. У добрым стане з мэбляй і ўсімі благамі цывілізацыі і блізка ад метро — 880 тысяч. Гэта меншыя кошты за сённяшния ў некалькі разоў. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ўладальнікі кватэр пералічваюць курс доллара ў некалькі разоў вышэйшы за афіцыйны.

Між тым мінчае-ўладальнікі  кватэр таксама задаюцца лагічнымі  пытаннямі. Чаму дзяржава не павышае  ім заробак і не зніжае кошты на камунальныя паслугі? Акрамя гэтага ў інтэрнэт-спрэчках жыхары сталіцы нядобрым словам узгадваюць усе даўнія абіды на правінцыялаў: і ільготныя ўмовы для паступлення ў ВНУ, і лёгкую магчымасць “адкасіць” ад размеркавання, і ільготныя чэргі на жыллё.

Спрэчка ў ЖЖ пагражае перайсці на асобы, бо кожны  з яе удзельнікаў лічыць сябе правым. З аднаго боку, кватэраздымшчыкі аб’ектыўна паказываюць на нестабільны курс рубля і нізкія заробкі, а мінчукі, у сваю чаргу, узгадваюць народную мудрасць “не падабаецца, не еш”. Хто застанецца пераможцам у гэтым бытавым канфлікце, сказаць цяжка, бо паніжаць кошты да смешнага ці плаціць доларамі, якія немагчыма знайсці ў абменніках, не збіраецца ні адзін з бакоў.

Поделиться ссылкой: