Як паведаміў “Народнай Волі” у камітэце “Беларускага руху”, старшынстваваў на пасяджэнні Віктар Івашкевіч, Юрый  Хадыка выступіў з справаздачай аб падрыхтоўцы і правядзенні “Чарнобыльскага Шляху”. На яго думку, акцыя прайшла паспяхова, удзел узялі ад 600 да 1000 чалавек, што ў сённяшніх умовах вельмі няблага. Сябры аргкамітэта выказалі меркаванне, што ня трэба лякацца праводзіць акцыі ў дазволеных месцах, таму што, як выказаўся Вацлаў Арэшка, “эфэктыўнасць акцыі залежыць не ад месца, а ад колькасці ўдзельнікаў”. Вінцук Вячорка адзначыў, што 90% падрыхтоўкі акцыі – праца “Беларускага Руху”.

Удзельнікі схода доўга абмяркоўвалі палітычную сітуацыю ў краіне. Паводле прапановы Віктара Івашкевіча, было вырашана распачаць доўгатэрміновую сацыяльную кампанію, вынікам якой мусіць стаць масавае шэсце ў кастрычніку гэтага года. 16 траўня адбудзецца прэсавая канферэнцыя розных палітычных партый і арганізацый, на якой мае быць аб’яўлена аб назве і сутнасці кампаніі. У склад аргкамітэта кампаніі дэлегаваныя Віктар Івашкевіч, Андрусь Ігнатовіч, Франак Вячорка, Валер Сядоў, Юрый Хадыка, Вінцук Вячорка і іншыя.

Па інфармацыйным пытанні выступіў Франак Вячорка. Ён паведаміў аб тым, што зарэгістраваны дамен bielarus.by, які неўзабаве пераўтворыцца ў сайт “Беларускага Руху”.  Аляксей Александровіч агучыў канцэпцыю інфармацыйнай працы, Пятро Садоўскі, Валер Сядоў і Юрась Навіцкі выказалі жаданне весці ўласныя блогі. Было вырашана ўтварыць інфармацыйную раду арганізацыі.

Удзельнікі сходу заклікалі інтэлігенцыю далучацца да “Беларускага Руху”.  Таксама была прынятая праграмная платформа, якая мае з’явіцца на сайце.

Поделиться: