Перад выступам адбылася сумесная прэс-канфэрэнцыя з Франк-Вальнэрам Штайнмаерам, былым міністрам замежных спраў Нямеччыны. Цяпер ён зьяўляецца старшынём фракцыі СПД у Бундэстагу. Тэма канфэрэнцыі і дакладу прысьвечаная суду над Мікалаем Статкевічам, які пачнецца 11 траўня.

Напярэдадні Кацярына Статкевіч адказала на пытаньні Радыё Свабода.

Статкевіч: Сёння я выступала на паседжаньні фракцыі СПД у Бундэстагу. Мэтай выступу было напомніць пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, што зараз ідуць суды ня толькі над маім бацькам, але і над іншымі, а таксама папрасіць падтрымкі ў афіцыйнай Нямеччыны на міжнароднай арэне і ў дачыненні да палітыкі ў Беларусі, паспрабаваць нейкім чынам на гэтую сітуацыю паўплываць.

Прэс-канфэрэнцыя Кацярыны Статкевіч і Франка-Вальнэра Штайнмаера

Радкевіч: Якая рэакцыя была на ваш выступ?

Статкевіч: Мяне вельмі ўважліва слухалі. Мяне гэта нават здзівіла, таму што звычайна калі нехта ў Бундэстагу выступае, некаму цікава, некаму нецікава. Сёння калі я выступала, была абсалютная цішыня ў залі, 180 чалавек дэпутатаў слухалі кожнае слова. Цікавасьць сапраўды вельмі вялікая. Пасля майго выступа былі пытанні і дапаўненні. Напрыклад, спадарыня Ута Цапф, якая займаецца беларускімі справамі, узяла слова і падцвердзіла, што гэта вельмі важна, тое што Нямеччына і нямецкія сацыял-дэмакраты падтрымліваюць майго бацьку. Дарэчы, спадарыня Цапф хацела прыехаць назіральніцай на працэс над маім бацькам, і ёй сёння адмовілі ў візе.

Кацярына Статкевіч: Мяне напалохала тое, што адбылося з Вольгай Класкоўскай

Кацярына Статкевіч і Франк-Вальтэр Штайнмаер

Радкевіч: Скажыце, вы раней удзельнічалі ў палітычным жыцці, ці вы даўно жывяце ў Нямеччыне?

Статкевіч: Я жыву ў Нямеччыне 8 гадоў, але рэгулярна прыяжджала дадому. Я больш займаюся навукай, скончыла пісаць доктарскую дысертацыю ў тэхнічных навуках і працую ў машынабудаўнічай кампаніі. Нямецкай палітыкай я дагэтуль не займалася.

Радкевіч: Заўтра пачынаецца суд над вашым бацькам, як вы будзеце сачыць за гэтым паседжаннем, з кім са сваякоў вы ў непасрэдным кантакце ў Беларусі?

Статкевіч: Я ведаю, што мой дзядуля, напэўна, не паедзе, таму што бацька пісаў яму ў кожным лісце, каб ён на суд ня ехаў. Ён вельмі стары, і каб яго лішні раз не нэрваваць.

Радкевіч: Ці гэтыя працэсы паўплывалі на вашы намеры вярнуцца ў Беларусь бліжэйшым часам?

Статкевіч: Паўплывалі на мой намер наведваць Беларусь, што я рабіла досыць рэгулярна. Тое, што адбылося з Вольгай Класкоўскай, мяне вельмі палохае. Гэта проста кашмар, што такое можа адбывацца ў краіне, якая знаходзіцца ў Еўропе ў 21-м стагоддзі. Гэта проста здзек з насельніцтва. Бліжэйшым часам я не планую наведаць Беларусь.

Поделиться: