Пасля абразлівых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу (ён быў названы «казлом» і «нейкім Барозу») крыніца ў Еўрапейскай камісіі сказала: «Мы не прызнаем яго [Лукашэнку] дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. У ЕК няма практыкі каментаваць заявы звычайных грамадзянаў».

Як вядома, еўрапейскія дзяржавы не прызнаюць выбараў 2001, 2006 і 2010 гадоў свабоднымі і справядлівымі. Еўрасаюз разглядае палітыку Беларусі як варожую, а таксама лічыць непрымальнымі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Беларусь — адзіная краіна на захад ад Дняпра, у якой ёсць палітычныя вязні, зачыняюць СМІ і дзейнічае адказнасць за ўдзел у «незарэгістраваных арганізацыях». Гэта таксама адзіная краіна Еўропы, што падтрымлівае цесныя сувязі з Іранам, Венесуэлай і іншымі крыкліва антызаходнімі рэжымамі.

Фактычна, краіны Еўропы цяпер выкарыстоўваюць не тактыку ізаляцыі Беларусі, як раней, але тактыку ігнаравання асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Высокія чыноўнікі пазбягаюць кантактаў з ім. А кіраўнікі дыпламатычных місій імкнуцца не прысутнічаць на мерапрыемствах з ягоным удзелам.

Поделиться: