Каля 600 тысяч палонных вайскоўцаў замарылі ў Беларусі голадам на вачах у застрашанага насельніцтва. Дзесяткі вёсак былі спаленыя з людзьмі жыўцом. Каля 600 000 габрэяў былі замардаваныя ад малога да старога толькі за сваю нацыянальнасць. Сотні тысяч беларусаў загінулі ў савецкім войску, якое не лічылася з людскімі ахвярамі.

Сярод гэтага азвярэння, насуперак яму мільёны людзей праявілі свае найлепшыя якасці. Тысячы людзей дапамагалі хавацца палонным, уцекачам, камуністам і габрэям, на якіх палявалі немцы. Тысячы іншых самаарганізоўваліся для выжывання і захоўвалі нацыянальную і рэлігійную традыцыю. Беларусы, сярод якіх будучы Народны пісьменнік Васіль Быкаў, мужна ваявалі ў складзе савецкай арміі. Дзесяткі тысяч беларусаў пад акупацыяй далучыліся да руху супраціву. У вялікіх беларускіх лясах утварыліся актыўныя партызанскія злучэнні.

Саветы інспіравалі вылазкі, каб правакаваць немцаў на акцыі помсты, з мэтай распальваць антынямецкія настроі. Нацысты ж пад прэтэкстам барацьбы з партызанамі разгортвалі палітыку вынішчэння спачатку жыдоўскага, цыганскага, а пасля і славянскага насельніцтва. Яны нацкоўвалі беларусаў на палякаў, літоўцаў — на беларусаў і г.д., каб вынішчаць адных рукамі другіх.

У 1941 годзе многія сустракалі немцаў — якіх памяталі па Першай сусветнай — як вызваленне ад зненавідных саветаў. Саветаў, якія за 1930-я вынішчылі каля 200 000 жыхароў Беларусі, і яшчэ каля 400 000 дэпартавалі ці адправілі ў канцлагеры. Ахвяры камуністаў і іх сваякі нярэдка ішлі на супрацу з акупантамі. Аднак расісцкі характар новай улады хутка стаў яўны, хоць пра план «Ост» мясцоваму насельніцтву і не было вядома. Працверазелі і лідэры антыкамуністычнай часткі нацыянальнага руху, якія пайшлі на калабарацыю з немцамі.

На жаль, на 1941 год наймацнейшыя нацыянальныя лідэры былі ці замардаваны саветамі — Чарвякоў, Тарашкевіч, ці сядзелі ў савецкіх турмах — як Антон Луцкевіч. Папулярных асобаў, здольных згуртаваць нацыю для змагання за незалежнасць, абапершыся на дапамогу заходніх дэмакратый, у краіне не заставалася. Таму нацыянальна-вызвольны рух у Беларусі ў часе Другой сусветнай і пасля яе быў слабейшы, чым у суседніх Літве і Украіне.

Другая сусветная для Беларусі пачалася 1 верасня 1939 года.

У выніку вайны да Усходняй Беларусі была далучаная Заходняя, і большасць этнічна беларускіх тэрыторый апынулася ў адной адміністрацыйнай адзінцы пад савецкай акупацыяй. Рацыянальнае адабрэнне ўз’яднання азмрочвалася горыччу страты Вільні і Беластока —

выдатных культурных і эканамічных цэнтраў. Іх Масква спачатку далучыла да Беларусі, але неўзабаве аддала ў якасці падарункаў таксама акупаваным Літве і Польшчы.

Саветы спрытна міфалагізавалі Другую сусветную вайну для панавання над паняволенымі народамі Цэнтральнай Еўропы.

Так, у выпадку Беларусі саветы маніпулявалі гістарычнымі наратывамі, лічбамі і фактамі. Лічбу ахвяраў, і без таго вусцішную, павялічвалі за кошт стварэння двайной бухгалтэрыі стратаў, двайнога ўліку загубленых савецкіх ваеннапалонных.

Аднак гэтыя

спекуляцыі не павінны засланяць галоўнага. Другая сусветная вайна была вайной супраць абсалютнага зла. Дзякуючы перамозе над гітлерцамі, беларусы захаваліся як нацыя. У выпадку перамогі нацыстаў нас фізічна вынішчылі б. Бо ж «жыццёвую прастору» на ўсход ад Нямеччыны нямецкія расісты прызначалі для сваёй каланізацыі.

Пасля 9 мая 1945 года ў розных раёнах Беларусі, асабліва заходняй, працягвалася партызанская вайна супраць саветаў, якая набыла характар грамадзянскай і забрала жыцці тысяч людзей. Тым не менш, найстрашнейшае заставалася ўжо ззаду.

Беларусь была сярод пераможцаў, заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Жахі і навука з той вайны знайшлі сваё адлюстраванне ў велічных творах Быкава, Брыля, Адамовіча, Савіцкага, Клімава.

Непрыманне вайны як сродку вырашэння канфліктаў, непрыманне нацызму сталі фундаментальнымі ў светапоглядзе беларусаў.

Поделиться ссылкой: