Камбаджыйскія і некаторыя міжнародныя арганізацыі (Human Rights Watch, “Міжнародная Амністыя” і інш.) падпісалі заяву, у якой выказалі сваю занепакоенасць супярэчлівым характарам законапраекта аб асацыяцыях і няўрадавых арганізацыях (НДА) Камбоджы. Як паведамляе Human Rights Watch, “прапанаваны законапраект Камбоджы можа быць лёгка скарыстаны для адмовы ў рэгістрацыі альбо для закрыцця арганізацый, якія служаць грамадскім інтарэсам”. Акрамя таго, сцвярджаюць праваабаронцы, “улады Камбоджы змогуць злоўжываць гэтым законам для запалохвання прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а таксама для абмежавання яе дзейнасці. Асабліва ў дачыненні да крытычна скіраваных да ўраду грамадскіх актывістаў”.

Сітуацыя  з камбаджыйскім законапраектам нагадвае становішча з беларускім праектам закона “Аб некамерцыйных НДА”. Як адзначае дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, “аналіз распрацаванага Міністэрствам юстыцыі беларускага законапраекта паказвае, што, нягледзячы на шэраг станоўчых новаўвядзенняў, яго прыняцце ў рэдакцыі, якая цыркулюе сярод НКА, можа прывесці да яшчэ большага абмежавання дзейнасці некамерцыйных арганізацый”. Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў лічыць, што беларускі “законапраект скіраваны хутчэй не на змяненне сітуацыі, а на кансервацыю сённяшняга праблемнага стану. Напрыклад, цяпер рэгістравальныя органы на ўзроўні Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў ствараюць штучныя і незаконныя перашкоды ў рэгістрацыі тых формаў НКА, якія, як падаецца, павінны былі б рэгістравацца па заяўляльным прынцыпе без аніякіх перашкодаў”, — падкрэслівае Юрый Чавусаў.

Між іншым 110 некамерцыйных арганізацый Беларусі падпісалі калектыўны зварот у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і ў Раду міністраў Беларусі. Кампанію ініцыявалі прадстаўнікі Асамблеі дэмакратычных НДА і Цэнтра прававой трансфармацыі. У дакуменце былі выказаны агульныя прапановы ад усіх арганізацый грамадзянскай супольнасці. Да прыкладу, прапаноўвалася зрабіць законапраект нагодай для адмены забароны на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый і сумна вядомага артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса.

Поделиться: