На  тыдні беларускія памежнікі вылавілі з Нёмана пластыкавую бочку, а ў той бочцы не селядцы, і нават не кавуны, а… дзве тысячы пачкаў цыгарэт айчыннай вытворчасці – маркі “Мінск” і маркі “Фэст”. Бочка дрэйфавала ў бок Літвы, але – на радасць абаронцаў Сінявокай  – села на мель. Бочку адкаркавалі, кантрабанду апісалі, цыгарэты перадалі збяднелай дзяржаве. Але не тое ўразіла (а можа і ўсцешыла пільных памежнікаў), бо “контрыкаў” хапала ва ўсе часы. Вайскоўцаў уразіў тэхнічны бок справы, так бы мовіць, незаконнай аперацыі невядомых зламыснікаў.

Па ўсіх законах фізікі бочка павінна была боўтацца на паверхні вады, а яна вытыркала, ну, як рубка падводнай субмарыны ў акіяне. Здалёк дык і не згледзіш, хіба толькі ў бінокль. Значыцца, кантрабандысты не лыкам шытыя, не якія-небудзь бэйбусы-двоечнікі, а вельмі нават кемлівыя і знаходлівыя.

 Пасярод бочкі ўмасцілі акурат такі груз (звычайную камянюку), што тая бочка і не танула, і праз меру не вытыркалася з нёманскай плыні. Ды гэта не ўсё… Вартаўнікі дзяржаўнай мяжы проста рот разявілі, як ўбачылі, што з-пад вечка вытыркае… антэна. Ім, можа, здалося (людзі ж ваенныя), што гэта не абы-якая бочка, мо якая міна супроцькарабельная, ці яшчэ якая трасца. Прыгледзеліся, памацалі, пакумекалі і… яшчэ больш  здзівіліся: перад імі заміргала сістэма “Джы Пі Эс” – тая яшчэ навігацыйная штучка. Хаця, калі падумаць, амерыканскую прыдумку цяпер можна купіць ледзь не ў кожным сельпо, не кажучы ўжо пра розныя супермаркеты. Але і тут нашыя вартаўнікі – употайкі ці не хаваючы таго – парадаваліся за няўлоўных кантрабандыстаў: сістэма “Джы Пі Эс” была не фабрычнай работы, а… самаробная. Гэта ж якія ў нас самавукі-вундэркінды паўсюль, а дурноццем маюцца!  Хай бы вынайшлі сваю, айчынную навігацыйную сістэму ды легальны бізнес на тым зладзілі, чым забаўляцца незаконным абаротам цыгарэт. Але можа ім нецікава, ці нешта іншае замінае?

 Карацей, факт застаецца фактам: самаробны навігацыйны прыбор у момант яго арышту” быў у рабочым стане – пасылаў у эфір сігналы аб дакладным месцазнаходжанні бочкі з цыгарэтамі.

Зразумела, вядзецца следства, шукаюць кантрабандыстаў-кулібіных… Можа і знойдуць. А калі тыя апярэдзілі груз, пераправіліся  за мяжу раней, чым  бочка села на мель?.. І ўвогуле, можа тыя  “кулібіны” зусім  і не беларусы? Шкада, калі не з нашых, не з славян… Ну,  трэба ж неяк імідж самых кемлівых і цярплівых у свеце падтрымліваць.

Поделиться ссылкой: