Мошас: Я думаю, што перш за ўсё гэта сведчыць пра крайнюю ступень нэрвознасці Аляксандра Лукашэнкі. Бо хаця ў прынцыпе рыторыка такога кшталту яму ўласцівая, у тым ліку і адносна кіраўніцтва Расіі, але тут ён у сваім эмацыйным самавыяўленні пераходзіць межы. Гэта сведчыць пра ўсведамленне ім усёй складанасці сітуацыі. Наколькі ў гэтым можа прысутнічаць разлік – мне цяжка сказаць. Знявага ў сучаснай палітыцы рэдка дапамагае.

Яшчэ можна зразумець, чаму Лукашэнка дазваляе сабе рэзкую рыторыку на адрас Украіны – яму здаецца, што такім чынам ён можа паўплываць на пазіцыю Ўкраіны і Расіі, якая цяпер ізноў пачынае сябраваць з Украінай, тым часам як з пункту гледжання Лукашэнкі Расіі лепш было б сябраваць з Беларуссю і даваць ёй грошы.

Але як гэта станоўча можа змяніць пазіцыю ЭЗ – мне зразумець не дадзена.

Дракахруст: Некалькі дзён таму Лукашэнка, выступаючы з пасланнем народу і нацыянальнаму сходу, даволі прымірэнча казаў пра перспектыву стасункаў з ЭЗ, маўляў, мы ўсё роўна будзем мірыцца, мы патрэбныя адны адным. І раптам празь некалькі дзён – такая рэзкая рыторыка. Чаму?

Мошас: Тое, што Лукашэнка сказаў у пасланні, так ці інакш гучала ўвесь час пасля 19 снежня. Лінія была прымірэнчая, падкрэслівалася, што ў нас паўза, але ніякім чынам не стратэгічны разрыў. Гэтая лінія стратэгічная адзіна правільная. Застацца сам-насам з Расіяй для Лукашэнкі азначае палітычную смерць, яму патрэбная магчымасьць манеўру, ён гэта ня можа не разумець. Але ён ня здолеў утрымаць эмоцыі пад кантролем, чалавек апошнія тыдні знаходзіцца ва ўмовах цяжкага палітыка-псіхалагічнага прэсінгу: паніка на рынку прадуктаў, паніка на валютным рынку, выбух.

І галоўнае – адсутнасць перспектывы, неразуменне, колькі трэба трымацца і цярпець. Зразумела, што ніякі крэдыт з Расіі ў бліжэйшыя дні за проста так не прыйдзе, а калі нават і прыйдзе, то нікога не ўратуе. Гэта можа зламаць каго заўгодна.

Здавалася, што існуе піяр-магчымасць выступіць на роўных у трохкутніку з Расіяй і Ўкраінай, і вось і яна сарвалася. Я мяркую, што гэта звязана з такімі рэчамі.

Дракахруст: А наколькі асабістая крыўда – чыннік прыняцця рашэнняў для кіраўнікоў ЭЗ, наколькі кіруюцца прынцыпам – «за казла адкажаш»? Ці можна ўявіць сабе, што праз год-два названы “казлом” Барозу будзе з усмешкай паціскаць руку Лукашэнку?

Мошас: Еўрапейскія палітыкі ўмеюць стрымліваць свае эмоцыі. Нават жыхары паўднёвых краін. Ім даводзіцца браць удзел у рознага кшталту палеміках, і якія б ні былі асабістыя адносіны, яны ўмеюць праводзіць рысу паміж асабістымі рэакцыямі і інтарэсамі справы. Я мяркую, што на пазіцыю гэта не паўплывае, наўрад ці ўзмоцніцца жаданне адпомсціць і даціснуць. Але, зразумела, гэта не можа паспрыяць сяброўству пасля жорсткага абмену рэзкасцямі. Такі стыль уласцівы палітыкам з іншых частак свету.

Наконт таго, ці можна ўявіць сабе сітуацыю, што праз пэўны час Барозу з уьмешкай паціскае руку Лукашэнку, то з усмешкай – не, а паціскае руку – безумоўна.

Еўрачыноўнікам даводзіцца камунікаваць з такімі аўтакратамі, у параўнанні з якімі любы прадстаўнік уладнай эліты постсавецкай прасторы выглядае лібералам і дэмакратам. Калі я не памыляюся, ЭЗ меў прадстаўніцтва ў Бірме задоўга да таго, як яно з’явілася ў Мінску. Гэтыя людзі, з прычыны прафесійных навыкаў, умеюць паціскаць рукі і рабіць выгляд, што ўсе крыўды забытыя.

Таму я лічу, што пераадоленне канфлікта паміж ЭЗ і Беларуссю можа адбыцца вельмі хутка. Калі будуць вызваленыя палітвязні і спыненыя працэсы, то на працягу некалькі месяцаў можна вярнуць і сітуацыю на стан да 19 снежня. Пачнецца гэта на больш нізкім узроўні, але з цягам часу можа ўзняцца на любы ўзровень.

Поделиться: