Мэта артыкула не ў тым, каб яшчэ раз нагадаць гісторыю аварыі і ўзняць пытанне “Хто вінаваты?”. Пра гэта напісана шмат. Аўтар звяртае ўвагу на вынікі аварыі і паводзіны тагачаснага кіраўніцтва Беларусі. Рашэнні ўладных асоб паўплывалі на жыцці мноства людзей.

Як высветлілася потым, непасрэдна 26 красавіка ў выніку непрадуманых дзеянняў дзяжурнай змены (суб’ектыўны фактар) пры наяўнасці слабасцяў у канструкцыі рэактара і станцыі ў цэлым (аб’ектыўны фактар) адбыўся выбух на чацвёртым энергаблоку. Разбурэнне рэактара прывяло да выкіду ў паветра велізарнай колькасці радыеактыўных рэчываў, якія патокамі паветра сталі хутка распаўсюджвацца па розных напрамках.

Напачатку ніхто не меў уяўленняў аб сапраўдных маштабах трагедыі. Акадэмік В.Легасаў, які на наступны дзень адправіўся з Масквы да месца аварыі, успамінаў: “Мне тады і ў галаву не прыходзіла, што мы рухаемся насустрач падзеі планетарнага маштабу, падзеі, якая, відаць, увойдзе ў гісторыю чалавецтва, як вывяржэнне знакамітых вулканаў, гібель Пампеі ці што-небудзь блізкае да гэтага…” (пазней В.Легасаў скончыць жыццё самагубствам).

Усё аказалася страшней. Па ўспамінах былога начальніка хімічнай службы ВПС беларускай ваеннай акругі Г. Лапаціна, нават Легасаў спачатку не паверыў таму, што паказалі прыборы рэгістрацыі ўзроўню радыяцыі. Спецыялісты-атамшчыкі хоць і не адразу, але хутка зразумелі, што аварыя мае характар беспрэцэдэнтнай па маштабах тэхнагеннай катастрофы. Прадстаўнікі самых розных прафесій у першыя гадзіны і дні праявілі выключную самаахвярнасць, не дапусціўшы пашырэння маштабаў аварыі. Першачарговыя рэкамендацыі спецыялістаў па мінімізацыі пагроз для насельніцтва, нягледзячы на пэўную непаслядоўнасць, былі ў цэлым правільнымі. Аднак канчатковыя рашэнні прымаліся палітычным кіраўніцтвам СССР і БССР.

Між тым саюзныя і рэспубліканскія ўлады у першыя дні абралі тактыку ўмаўчання інфармацыі аб маштабах бяды і практычна замарудзілі арганізацыю дзеянняў, якія маглі б паменшыць адмоўныя вынікі для насельніцтва. Некаторыя спецыялісты нават сцвярджаюць, што Беларусь пацярпела не столькі ад самой аварыі, колькі ад маруднасці былога ўрада СССР і ўгодніцтва беларускіх улад.

На другі дзень пасля аварыі аб рэзкім павышэнні радыяцыйнага фону ў паветранай прасторы сваіх краін загаварылі прадстаўнікі Швецыі, Нарвегіі, Англіі і іншыя. Толькі пасля гэтага афіцыйныя СМІ СССР сціпла паведамілі аб аварыі, у выніку якой адбылося “некаторае павышэнне радыяцыйнага фону”. Папулярны на той час савецкі публіцыст Генрых Баравік праз саюзнае тэлебачанне заявіў, што ёсць “Черно-БЫЛЬ”, а на Захадзе ствараецца “черно-МИФ” аб аварыі. Ён не мог прадбачыць, што рэальнасць страшней за міф.

Першасны аналіз сітуацыі паказаў, што непасрэдна ад выбуху ўздзеянню радыяцыі падверглася паўднёвая частка Беларусі.

Пазней тэрыторыя інтэнсіўнага забруджвання павялічылася ў раёнах Магілёўскай вобласці, але тут яна з’явілася пераважна ў выніку мэтанакіраванага асаджэння спецрэагентамі радыенуклідаў з радыеактыўных хмар. Тыя аблокі, якія рухаліся ў паўночна-заходнім накірунку ад ЧАЭС, былі асаджаны на тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Пазней, калі паветраныя плыні павярнулі ў бок Масквы, радыенукліды былі асаджаны над Магілёўскай вобласцю. Аб гэтым, дарэчы, паведамлялася ў СМІ яшчэ ў 1994 годзе.

Факт стварэння над тэрыторыяй Беларусі штучных дажджоў пасля чарнобыльскай катастрофы заўсёды адмаўляўся ў Крамлі. Аднак яшчэ вельмі шмат жыхароў горада Горкі Магілёўскай вобласці, сярод іх і аўтар, добра памятаюць, як у ноч на пачатку мая доўга раўлі самалёты і прайшоў дождж. Раніцою на асфальце лужыны былі з жаўтаватым пеністым налётам. Людзі здзіўлена паглядалі і казалі, што гэта, мабыць, з вербаў пыльцу ветрам наздувала (тады якраз распусцілася вярба, “коцікаў” было шмат). Потым стала вядома, што разам са спецрэагентамі, выклікаючымі дождж, прымянялася даламітавая мука і іншыя матэрыялы для “захопу” радыенуклідаў.

Шматлікія сведчанні таго, што саюзнае кіраўніцтва выкарыстала “штучны дождж”, каб радыеактыўныя часціцы не аселі на тэрыторыі Расіі, сабраў супрацоўнік Кінгстанскага ўніверсітэта ў Лондане доктар Алан Флаўэрс. Ён на працягу 12 год праводзіў даследаванні ў забруджаных зонах. На аснове сабраных матэрыялаў у красавіку 2007 года тэлеканал ВВС-2 паказаў дакументальны фільм пра ролю савецкіх Ваенна-Паветраных сіл па прадухіленні распаўсюджвання радыеактыўнага забруджвання на тэрыторыю Расіі пасля выбуху на ЧАЭС.

Непасрэдны ўдзельнік гэтай аперацыі маёр савецкіх ВПС А. Грушын сведчыў: “Вецер дуў з захаду на ўсход і радыеактыўныя аблокі пагражалі дасягнуць Масквы, Варонежа, Ніжняга Ноўгарада, Яраслаўля. Калі б дождж прайшоў на гэтымі гарадамі, гэта было б катастрофай для мільёнаў”.

Так саюзнае кіраўніцтва чарговы раз прадэманстравала сваё разуменне Беларусі як буфернай зоны для Расіі. У выніку каля 6400 кв. км тэрыторыі нашай краіны было прынесена ў ахвяру, каб гарантаваць найперш бяспеку Масквы. Выкарыстанне тэрыторыі Беларусі ў якасці адстойніка было б немагчыма, калі б наша краіна была незалежнай. Майму гораду Горкі пашанцавала: калі верыць афіцыйнай інфармацыі, істотнага павышэня фону не адбылося.

Але іншыя раёны падвергліся сапраўднай “атамнай бамбардзіроўцы”. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання. Астатнія 30% — на тэрыторыю Украіны і часткова Расіі. У небяспечнай зоне апынуліся каля 2 млн 100 тыс. чалавек, што склала 25% насельніцтва Беларусі. Праўда, сустракаюцца аўтары, якія спрабуюць абвергнуць гэтыя лічбы.

Недаравальнымі ў паводзінах вышэйшых чыноўнікаў ад Масквы да Мінска былі спробы дэзынфармацыі і неапраўданага засакрэчвання вынікаў катастрофы нават тады, калі яе памеры і пагроза для здароўя людзей станавіліся відавочнымі. Амаль праз месяц пасля аварыі міністр аховы здароўя БССР М.Саўчанка заяўляў: “…абстаноўка ў рэспубліцы цалкам нармальная… Паўсюдна назіраецца тэндэнцыя да зніжэння радыяцыйнага фону, і сёння ўжо можна казаць аб бяспечным узроўні на ўсёй тэрыторыі, за выключэннем зоны адсялення”. Не адставаў ад міністра яго намеснік: “Радыеактыўныя забруджванні з улікам праведзенай прафілактыкі ёдам такія, што ніякіх ракавых захворванняў мы не чакаем. Іх не будзе…”. Начальнік Галоўнага санітарна-эпідэміялагічнага ўпраўлення сказаў: “3 усёй адказнасцю магу заявіць, што абстаноўка пастаянна паляпшаецца. За межамі эвакуіраваных раёнаў у нас няма ніякіх апасенняў за стан здароўя як дарослых, так і дзяцей”.

Выказванні гэтых асоб фактычна адлюстроўвалі пазіцыю ЦК КПБ, які больш аглядаўся на Палітбюро ЦК КПСС, а не на рэкамендацыі беларускіх навукоўцаў. За 1987—1990 гг. Прэзідыум АН БССР падаў кіраўніцтву рэспублікі больш за 20 запісак па праблемах чарнобыльскай катастрофы. Праца стрымлівалася ўказаннямі тыпу “не дапусціць панікі!”. Дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР В.Несцярэнка некалькі разоў звяртаўся непасрэдна да М.Слюнькова з канкрэтнымі прапановамі, але натыкаўся на сцяну непаразумення.

На пачатку 1989 г. Міністэрства аховы здароўя СССР навязала Беларусі так званую 35-бэрную канцэпцыю, супраць якой энергічна выступілі беларускія навукоўцы. Яна прадугледжвала “вяртанне да прывычнага ўкладу жыцця, зняцце ўсіх абмежаванняў на ўмовы пражывання і выкарыстанне мясцовых прадуктаў”. Характэрна, што сярод распрацоўшчыкаў гэтай канцэпцыі не было ні аднаго прадстаўніка Беларусі. Замест навукоўцаў старшыня камісіі Бюро ЦК КПБ і СМ БССР па ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС В.Еўтух, рэкламуючы канцэпцыю, запэўніваў, што ў зоне пастаяннага кантролю, дзе пражывала больш за 100 тысяч жыхароў, “…у нас няма ні аднаго выпадку парушэння здароўя людзей, выкліканага ўздзеяннем радыяцыі”.

Цікава, як бы гэтыя “спецыялісты” глядзелі зараз у вочы тым, хто пакутуе ад наступстваў аварыі?

Аўтарытэту дабаўлялі панаехаўшыя маскоўскія акадэмікі. Яны сцвярджалі: “возможны только небольшие отклонения от нормы, так называемые разрастания узелков в области щитовидной железы”(Л.Ільін — віцэ-прэзідэнт АМН СССР); “наша комиссия пришла к выводу, что нарушений иммунной системы у детей этих районов нет” (Б.Пінегін). Гаворка ішла аб найбольш пацярпелых раёнах Магілёўскай вобласці.

Праз тры гады пасля выбуху ў Чарнобылі народнымі дэпутатамі СССР была рассакрэчана перапіска Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР з урадам Беларусі, пісьмы ў Міністэрства аховы здароўя, Гідрамет СССР і ЦК КПСС, якая склала чатыры тамы. Дырэктар інстытута прафесар В.Несцярэнка паведамляў М.Слюнькову: “…з неабходнай апаратурай радыяцыйнага кантролю (28.04.1986 — А.К.)” мы выехалі ў накірунку Бабруйска. На 23 км за Бабруйскам (у напрамку Мазыра) памер дозы 5000 мкР/гадзіну; далей Калінкавічы, Хойнікі — 18.000 мкР/гадзіну; Брагін — 30.000 мкР/гадзіну. Вяртаемся ў Мазыр — 10.000 мкР/гадзіну; Нароўля — 28.000 мкР/гадзіну”. У адказ ад партфункцыянера: “Не надо устраивать паники!”.

Пісьменнік Алесь Адамовіч у сваіх дзённіках пакінуў такі запіс: “Калі 2 чэрвеня 1986 г. я быў у Слюнькова па чарнобыльскіх справах, ён з захапленнем расказваў, як быў ім і Кавалёвым задаволены Рыжкоў (старшыня СМ СССР — А.К.), што яны, у адрозненне ад украінцаў, нічога не просяць, а гатовыя нават палівальныя машыны аддаць Кіеву. Вось там я зразумеў канчаткова: уся гэтая партыя можа толькі гулагі будаваць, вялікія ці малыя”.

Свае Слюньковы былі на ўзроўні абласцей, раёнаў і нават сельсаветаў… Чым кіраваліся, напрыклад, кіраўнікі Гомельскай і Мінскай абласцей (першыя сакратары абкамаў Камай і Малафееў), калі амаль праз тыдзень пасля выбуху дазволілі вывесці дзяцей на першамайскую дэманстрацыю?

Але былі факты іншага кшталту. Вось выпадак, з якім аўтар сутыкнуўся асабіста: у другой палове красавіка я знаходзіўся на лячэнні ў Магілёўскай абласной бальніцы. 26 красавіка свяціла сонца, той-сёй з пацыентаў на двары нават падстаўляў спіну для загару. А ў панядзелак, 27-га, на чарговай працэдуры супрацоўніца спытала, ці не ведаю я, чым выклікана незвычайнае распараджэнне, аб якім яна пачула ў дзіцячым садку, калі раніцою адвезла туды сваіх дзяцей: дырэктар садка паведаміла, што атрымала тэлефанаграму — дзяцей на вуліцу не выводзіць, форткі не адчыняць.

Канечне, мяне гэта зацікавіла, асабліва, калі ў той жа дзень прагучалі першыя звесткі пра аварыю на ЧАЭС. Як кажуць, зрабіў зарубку ў памяці. Праз некалькі год пры сустрэчы з былым першым сакратаром Магілёўскага абкама КПБ Васілём Лявонавым прама спытаў: хто мог даць такое распараджэнне?

Са слоў В.Лявонава гэта было так: атрымаўшы па спецсувязі першыя звесткі аб аварыі, кіраўнікі вобласці (сярод іх быў і генерал КДБ — яго прозвішча, на жаль, не было названа) разам з некалькімі спецыялістамі выехалі за горад і ў шэрагу месцаў правялі замеры. Лічбы забыліся, але яны былі вельмі трывожнымі. Па словах В.Лявонава, менавіта генерал КДБ прапанаваў употай, не раскрываючы прычын, папярэдзіць хаця б дзіцячыя ўстановы. Адпаведнае рашэнне было санкцыянавана Лявонавым. Вось так…

Развіццё падзей прымусіла кіраўніцтва рэспублікі прыняць 4 мая 1986 г. рашэнне аб адсяленні насельніцтва з 30-кіламетровай зоны навокал ЧАЭС,

у першую чаргу з Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Да канца года ў чыстыя месцы было адселена 27,7 тыс. чалавек, а ва Украіне, дзе плошчы забруджвання былі значна меншыя, адсялілі каля 100 тысяч. Да таго ж былі дапушчаны сур’ёзныя памылкі і пралікі ў справе арганізацыі работы, тэрмінах выканання, інфармавання насельніцтва, забеспячэння яго прасцейшымі сродкамі абароны ад радыяцыі, прыборамі кантролю і дазіметрыі, аховы маёмасці і г.д.

Жудасным выглядае той факт, што праз некаторы час вышэйшае саюзнае кіраўніцтва прыняло рашэнні па вяртанні ў 30-кіламетровую зону часткі насельніцтва. Вось некалькі вытрымак з дакументаў:

Старшыня Гідрамета СССР сумнавядомы Ю.Ізраэль у сакрэтнай запісцы 10 мая 1986 года паведамляў у Палітбюро ЦК КПСС: “Территории с уровнем радиации более 5 мР/час (…) признаны опасными для проживания населения. (…) На территории с уровнем радиации менее 5 мР/час требуется введение жесткого контроля за радиоактивностью продуктов питания, особенно молока”.

23 чэрвеня, ужо іншае: “Секретно. (…)

1. Разрешить реэвакуацию (возвращение) детей и беременных женщин во все населенные пункты, где общая расчетная доза не будет превышать 10 бэр за первый год (всего 237 населенных пунктов), а там, где расчетные дозы облучения (без ограничения потребления загрязненных продуктов) превысят 10 бэр, с первого октября 1986 года (174 населенных пункта). (…) Израэль, Буренков, Александров”.

Гэтыя разумнікі для чужых дзяцей і жанчын дозу апраменьвання трошачкі меншую за 5мР/гадзіну чамусьці палічылі нармальнай.

Імкненне схаваць праўду выклікала абурэнне насельніцтва. Вялікую ролю

ў прыцягненні ўвагі беларускай і замежнай грамадскасці да трагедыі беларускага народа, раскрыцці праўдзівай карціны, актывізацыі працы па пераадоленні яе наступстваў адыгралі ўзнікшыя нефармальныя рухі і арганізацыі, дзеячы навукі і культуры, прэса. У значнай ступені дзякуючы іхнім намаганням падыходы да вынікаў аварыі пачалі змяняцца пасля першых альтэрнатыўных выбараў 1989 г. Вярхоўнага Савета БССР. Вялікую ролю ў гэтым адыграў шырокі грамадска-палітычны рух Беларускі Народны Фронт. Як бы хто ні ўспрымаў БНФ, нельга не прызнаць яго ролю ў змяненні адносін да чарнобыльскай праблемы. Менавіта пад уплывам БНФ 26 красавіка ў Мінску была зладжана Гадзіна Смутку, калі тысячы людзей выйшлі на плошчу Незалежнасці і запалілі свечкі памяці аб тых, хто стаўся ахвярай трагедыі. А ў верасні 1989 г. была закладзена традыцыя знакамітага “Чарнобыльскага Шляху”, які штогод праводзіцца ў красавіку.

Пад ціскам апазіцыі ўрад Беларусі распрацаваў, а новы склад Вярхоўнага Савета зацвердзіў Дзяржаўную праграму ліквідацыі ў Беларускай ССР наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на 1990—1995 гадах. У межах праграмы былі вызначаны дадатковыя захады па ахове здароўя насельніцтва: пачалося адсяленне ў чыстыя раёны яшчэ каля 100 тыс. чалавек, былі складзены і апублікаваны карты забруджанасці тэрыторыі рэспублікі, створаны Інстытут радыяцыйнай медыцыны, замацаваны льготы чарнобыльцам і іншае.

На працягу 90-х гг. і пазней на Беларусі праводзіўся даволі шырокі комплекс ахоўных мерапрыемстваў. Аднак з сярэдзіны 90-х гг. тэмпы ажыццяўлення праграм па пераадоленні чарнобыльскіх наступстваў паступова замарудзіліся. І хаця па меры аддалення ад 26 красавіка 1986 г. вастрыня бяды прытупілася, але глыбіня трагедыі, у якую не па сваёй віне была ўцягнута Беларусь, стала больш бачнай.

У выніку аварыі небяспечнымі радыенуклідамі аказалася засмечана 23% тэрыторыі краіны. Больш за 1/3 усяго вырваўшагася цэзія-137, які распаўсюджваецца праз прадукты харчавання і асядае ў мышачных тканках, выпала на Беларусь; 10% тэрыторыі ўтрымліваюць стронцый-90 і 2% — выключна небяспечныя ізатопы плутонія. Зараз каля 70% калектыўнай дозы апраменьвання насельніцтва Беларусі выклікана радыенуклідамі праз прадукты харчавання.

Аварыя разбурыла ўклад жыцця соцень тысяч людзей і нарадзіла пастаянны стрэс у насельніцтва. Забруджаныя раёны пакінулі 335 тыс. чалавек, ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школ і дашкольных устаноў, 97 бальніц.

Яна падарвала эканамічны патэнцыял краіны. Агульныя страты склалі 235 млрд долараў ЗША, або 32 гадавыя рэспубліканскія бюджэты 1985 года.

Як жа ацэньваецца стан чарнобыльскай праблемы зараз?

Па даных ААН, на радыеактыўных чарнобыльскіх зонах ( з улікам усіх еўрапейскіх краін) пражывае 9 млн чалавек. З іх 2,5 млн, у тым ліку каля паўмільёна дзяцей — у Беларусі. У 12 раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей радыяцыяй забруджана 500 вёсак. Каля 140 тыс. жыхароў Беларусі былі пераселены ў больш чыстыя месцы (у “больш чыстыя” таму, што, як лічаць, зусім чыстых няма). Яшчэ 200 тыс. выехалі самастойна. Масавае перасяленне цягнулася аж да 1993 года — яшчэ сем (!) гадоў пасля аварыі.

Па сведчаннях экспертаў, прыкладна, 2,1 млн жыхароў Беларусі жывуць на тэрыторыі з узроўнем забруджвання радыеактыўным цэзіем больш за 40 кБк на квадратны метр.

У ацэнцы ўздзеяння на здороўе насельніцтва пазіцыі і ацэнкі вельмі розняцца.

Яшчэ ў 1990 годзе, абвяргаючы папярэднія аптымістычныя заявы чыноўнікаў ад медыцыны, новы міністр аховы здароўя У.Улашчык афіцыйна прызнаў відавочны рост самых розных захворванняў, якія “прама ці ўскосна звязаны з чарнобыльскай аварыяй і яе вынікамі” і выказаў прагноз іх павелічэння праз 5—30 гадоў. На жаль, гэты прагноз знаходзіць пацвярджэнне. У красавіку 2002 года прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь паведаміла, што колькасць выпадкаў рака шчытападобнай залозы пасля чарнобыльскай аварыі ў параўнанні з дааварыйным перыядам узрасла сярод дзяцей у 33,6 раза (!), сярод дарослых (у залежнасці ад узроставых груп) — у 2,5—7 разоў (дзе зараз тыя маскоўскія акадэмікі Л.Ільін і Б.Пінегін і беларускі кіраўнік В.Еўтух з іхнімі безадказнымі заявамі аб лёсе беларускіх дзяцей?!). Значна павялічылася колькасць іншых захворванняў…

А галоўны педыятр рэспублікі Н.Галькевіч у 2007 годзе заяўляла, што здароўе дзяцей з “чарнобыльскіх раёнаў” не горш, чым здароўе ўсіх астатніх дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі рэспублікі”. Толькі не зусім зразумела, на якім узроўні “не горш”: ці здароўе ва ўсіх добрае, ці наадварот.

Даныя прафесара Ю.Бандажэўскага сведчаць аб тым, што тысячы дзяцей, якія атрымалі “лёгкія” дозы апраменьвання, пакутуюць ад сардэчных захворванняў, заўчаснага старэння і аслаблення імуннай сістэмы. Яго вынікі атрыманы ў працэсе шматгадовых даследаванняў непасрэдна ў Гомельскай вобласці. За навуковыя заслугі ў 2001 годзе Ю.Бандажэўскі стаў 25-м чалавекам у свеце, які атрымаў пашпарт свабоды з правам свабоднага перамяшчэння па Еўропе і выбару ў якасці краіны пражывання любой краіны кантынента.

Група навукоўцаў з мінскага Інстытута радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналагічных даследаванняў сцвярджае: Беларусь з 1990 года ўтрымлівае першае месца ў свеце па паражэнні ракам шчытападобнай залозы ў дарослых. Да Чарнобыля гэтае захворванне было рэдкасцю. Пра рост захворванняў ракам у дзяцей зараз нават не дыскутуюць.

Па даных гэтай жа групы, у сярэднім па ўсёй Беларусі ўзровень захворванняў рознымі відамі рака ў перыяд паміж 1990-м і 2000 гадамі ўзрос амаль на 40% у параўнанні з дааварыйным часам. Найвышэйшы рост па Гомельскай вобласці (55%), ніжэйшы — па Віцебскай (38%).

Чарнобыльская катастрофа аддаляецца па часе, але яе трагічныя наступствы для Беларусі ўзрастаюць. Яны патрабуюць павышанай увагі ў першую чаргу з боку дзяржавы. Да гэтага часу не пераселена на чыстыя землі частка насельніцтва, не спынена вытворчасць прадуктаў харчавання на забруджаных тэрыторыях, не створана надзейная сістэма прадухілення распаўсюджання радыенуклідаў па Беларусі. Працягваюцца малаэфектыўныя спробы так званага аднаўлення забруджаных тэрыторый, хаця яшчэ ў 1990 годзе беларускія навукоўцы папярэджвалі, што цалкам ліквідаваць (гэта значыць прывесці тэрыторыі ў дааварыйны стан) вынікі катастрофы не ўдасца. Я ведаю вопытных кіраўнікоў, якія, зыходзячы з канкрэтных фактаў, саму ідэю “аднаўлення” забруджаных тэрыторый вызначаюць як памылковую. Супадзенне думак навукоўцаў і практыкаў, здаецца, падае надзею на лепшае.

Кіраўніцтва краіны шмат кажа пра неабходнасць вырашэння чарнобыльскіх праблем. Нават быў прыняты закон “Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” і адпаведная “Нацыянальная праграма…” на 2006 — 2010 гг. Аднак эфектыўнасць іх пакуль нізкая. Што перашкаджае?

Мала сродкаў на іх рэалізацыю.

Некаторыя крокі беларускіх улад выклікаюць здзіўленне: напрыклад, рэпрэсіўныя захады ў галіне гуманітарнай дапамогі насельніцтву з боку замежных дабрачынных арганізацый і фондаў, абмежаванні ў аздараўленні дзяцей за мяжой і г.д.

Агульны курс на “адраджэнне жыцця на забруджаных тэрыторыях”, узяты з сярэдзіны 90-х гадоў, дапамагае павялічыць колькасць прадукцыі, але наўрад ці садзейнічае ўмацаванню здароўя нацыі. Мы ж не ведаем, што і колькі выраблена на забруджаных тэрыторыях.

Відавочна і тое, што Чарнобыль увайшоў у гісторыю не толькі як вынік грубых памылак людзей і недасканаласці сістэмы, але і як суровае папярэджанне чалавецтву. Перафразуючы вядомыя словы Ціля Уленшпігеля, скажам: “Попел Чарнобыля стукае ў нашы сэрцы!” Чарнобыльскія падзеі чарговы раз паказалі, што манаполія на інфармацыю вядзе да ўтойвання праўды, у выніку чаго ўзнікаюць дадатковыя пагрозы для людзей. І як бы каго ад дэмакратыі ні “тошнило”, яна з’яўляецца надзейным сродкам прадухілення бескантрольных, а значыць, безадказных дзеянняў у грамадстве.

Аляксандр КАДАНЧЫК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Поделиться ссылкой: