Гэта адбылося пасля таго, як вернікаў баптыстаў у Гомелі абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі – артыкул, які раней ужываўся супраць палітычных партый і рухаў.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнню БХД Аляксей Шэін выказаўся на гэты конт наступным чынам: “Сённяшняя ўлада працягвае абмяжоўваць свабоды грамадства, ці то свабоду слова, ці то свабоду сходаў, ці рэлігійныя свабоды. Цяпер, пасля таго, як схлынула хваля рэпрэсій улады супраць апазіцыі, мы назіраем рост ціску на хрысціянскія супольнасці”.

 “Прыкладам гэтага ёсць і сітуацыя з вернікамі “Новагга жыцьця”, аўтобус з якімі ўлады двойчы спынялі па дарозе на богаслужэнне, а таксама нядаўні вельмі трывожны факт, калі ў Гомлі пракуратура вынесла папярэджанне паводле артыкулу 193.1 вернікам незарэгістраванай баптысцкай царквы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізаці. Здаецца, упершыню дадзены артыкул быў ужыты супраць рэлігійнай супольнасці. Перад гэтым у вернікаў прайшлі ператрусы, былі канфіскаваны літаратура, дыскі”, – падкрэсліў палітык.

“На жаль, працягваецца тая палітыка, якую ўлады праводзілі раней, да пачатку рэпрэсій пасля 19 снежня. Прычым цяпер гэтая палітыка ўзмацняецца”, – лічыць Аляксей Шэін.

Вернікі-пратэстанты лічаць, што можа паўтарыцца сітуацыя, калі прадстаўнікам іншых канфесій (акрамя праваслаўнай) будуць перашкаджаць збірацца на набажэнствы, а пастараў цэркваў будуць арыштоўваць за правядзенне несанкцыянаваных уладамі набажэнстваў.

Пасля ўвядзення новага закону аб рэлігіі індуісцкія суполкі ўвогуле не прайшлі перарэгістрацыю. Некалькі дзесяткаў вернікаў суполкі Шава-Шакты эмігравалі з краіны з-за пераследу ўладаў. Крышнаіты звярталіся ў ААН і там прызналі дзеянні беларускіх улад незаконнымі, якія груба парушылі нормы міжнароднага права. Згодна з пастановай ААН беларускія ўлады павінны былі вырашыць пытанне на карысць крышнаітаў і прынесці ім публічныя прабачэнні. Але гэтага дагэтуль не адбылося.

Вернікі суполкі “Новае жыццё” знаходзяцца ў стане супрацьстаяння з гарадскімі ўладамі амаль дзесяць гадоў. Падчас галадоўкі пратэсту ім паабяцалі, што пакінуць храм (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Мінска) і вярнуць зямельны надзел, але вернікі прайгралі суды па ўсіх пазыцыях і цяпер ім пагражае гвалтоўнае высяленне.

Поделиться ссылкой: