Вадзіцелям аўтобусаў заявілі, што яны неправамерна выкарыстоўваюць гэтыя транспартныя сродкі для перавозкі людзей. Пра гэта паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін.

Святочныя набажэнствы былі запланаваны на 09:00 і 12:00. Ужо некалькі гадоў ад станцыі метро “Каменная Горка” вернікаў падвозіць да царквы прыватны аўтобус аднаго з вернікаў. “Кіроўца аўтобуса неаднаразова праходзіў тэхагляд і інструктаж ў ДАІ Фрунзенскага РУУС. Паколькі перавозкі вернікаў на набажэнствы з’яўляюцца дабрачыннымі і не носяць камерцыйны характар, супрацоўнікі ДАІ тлумачылі, што дадатковыя дакументы на правядзенне такіх паездак не патрабуюцца”, – прыводзіць БелаПАН словы Сяргея Луканіна.

Нягледзячы на гэта, каля 09:00 работнікі ДАІ спынілі аўтобус з прыхаджанамі ля ўезду на вуліцу Янкоўскага – за паўтара кіламетры ад царквы. “Капітан ДАІ, які не прадставіўся, запатрабаваў ад кіроўцы прад’явіць дакументы аб яго рэгістрацыі ў падатковай інспекцыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і дазвол на перавозкі пасажыраў, што супярэчыць ранейшым патрабаванням, якія прад’яўляліся да кіроўцы аўтобуса супрацоўнікамі таго ж ДАІ”, – распавёў юрыст “Новага жыцця”. Каля 50 вернікаў высадзілі з аўтобуса, да царквы яны дабраліся пешшу.

Паколькі кіроўцу папярэдзілі наконт неправамернасці выкарыстання дадзенага аўтобуса для пасажырскіх перавозак, на другое набажэнства вернікаў падвозіў іншы аўтобус, які належыць адной з мінскіх пратэстанцкіх цэркваў. “Аднак і гэты аўтобус быў спынены супрацоўнікамі раённага ДАІ ля ўезду на вуліцу Янкоўскага. Кіроўцу былі прад’яўлены аналагічныя прэтэнзіі, вернікаў высадзілі, і яны таксама вымушаны былі пешшу дабірацца да царквы”, – адзначыў Сяргей Луканін.

На яго думку, дзеянні супрацоўнікаў ДАІ з’яўляюцца “спланаванай акцыяй, якая перашкаджае правядзенню ў царкве святочных велікодных набажэнстваў”. “Аднак ім не ўдалося сарваць правядзенне набажэнстваў і азмрочыць святочны настрой вернікаў”, – дадаў юрыст царквы.
Нагадаем, што сталічныя ўлады апошнія пяць гадоў прадпрымаюць спробы выселіць царкву з будынка па вуліцы Кавалёва, 72.

Поделиться ссылкой: