Суддзі Таццяна Кулакова, Мікалай Вайніла і Аляксандр Кулакоў вырашылі, што суддзя Пухавіцкага раённага суда Святлана Акуліч мела рацыю, калі вынесла рашэнне не аднаўляць на працы настаўніцу вышэйшай катэгорыі Наталлю Ільініч, што ў дырэктара Талькаўскай школы Наталлі Меркуль былі законныя падставы не працягваць з Ільініч працоўны кантракт.

— Пасяджэнне нагадвала мне канвеер, — падзялілася сваімі думкамі пасля разгляду касацыйнай скаргі Наталля Ільініч. — Складвалася ўражанне, што суд не быў зацікаўлены ўнікаць у сутнасць справы. У сваім рашэнні абласны суд падкрэсліў, што не было дыскрымінацыі ў адносінах да мяне, што мяне звольнілі пасярэдзіне навучальнага года толькі за памылкі ў школьным журнале і несвоечасовую праверку дзённікаў. Але калі я папрасіла суд дадаць да справы копіі са школьных журналаў, якія сведчаць, што такія ж памылкі  робіць і дырэктар, якая мяне звальняла, суд мне адмовіў…

Наталля кажа, што збіраецца абскарджваць і гэтае рашэнне Мінскага абласнога суда.
Пра сітуацыю Наталлі Ільініч нашы чытачы добра ведаюць. Дырэктар Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Меркуль, якая на той момант працавала ў гэтай школе только чатыры месяцы, не прадоўжыла з Ільініч працоўны кантракт адразу пасля таго, як у хаце настаўніцы адбыўся вобыск пасля падзей 19 снежня. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Наталля Ільініч збірала подпісы за кандыдата ад Партыі БНФ. І ўвогуле Наталля заўсёды вызначалася сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Але гэта ні ў якім разе не адбівалася на яе працы ў школе. Амаль усе яе калегі, былыя выпускнікі, бацькі вучняў казалі, што такіх педагогаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, вельмі нестае нашай школе.

Поделиться ссылкой: