“Гэта зусім не было падобна да справаздачы прэзіыдэнта за год. Ён не сказаў ні слова пра тое, як мы будзем выводзіць краіну з крызісу, рэструктызаваць эканоміку, праводзіць рэформы. Я таксама не зразумеў, як мы будзем жыць заўтра”, – падкрэсліў палітык, перадае bchd.

“Мы жадалі пачуць пра канкрэтныя крокі па выхадзе з крызісу, але не пачулі гэтага. Як заўсёды нам распавялі, што ва ўсім вінавата “пятая калона”. Аднак я думаю, што ўсё-ткі вінавата не “пятая калона”, а “трэці райх”. Гэта больш адпавядае праўдзе. Тады ўсё сыходзіцца”, – адзначыў Георгій Дзмітрук.

У той самы час ён паведаміў, што ў пэўных пытаннях быў згодным з Аляксандрам Лукашэнкам. “Я пагаджуся з прэзідэнтам у тым, што ён прызнаў сваю віну за тэракт. Я згодны, што нельга падзяляць грамадзтва, даводзіць яго да расколу. Як хрысціянін, я нават пачуў у ягоных словах раскаянне. Разам з тым прабачэння за тэракт прэзідэнт не папрасіў”, – паведаміў палітык.

“З выступу прэзідэнта я як грамадзянін хацеў пачуць, куды і як мы будзем ісці. Але ён не абмаляваў ніякіх канкрэтных напрамкаў, нават даляглядаў. Так, ён сказаў, што нам трэба развіваць лагістыку, транзіт. Але ўзнікае пытанне, чаму мы не развівалі гэта раней і як мы будзем развіваць гэта далей. Аляксандр Лукашэнка ні слова таксама не сказаў пра валютны крызіс. Добра, што хоць прызнаў тое, што краіна знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі. Але я не магу пагадзіцца, што ў гэтым вінаватыя простыя грамадзяне, людзі, якія куплялі аўтамабілі, жыхары Мінску. Я б сказаў, што ў гэтым вінаватыя некаторыя жыхары Мінску. Іх нават можна ўнесці ў спіс з дзесяці прозвішчаў”, –  адзначыў сустаршыня БХД.

“Адносна адносін з Еўропай я не зразумеў, хто менавіта ўзяў тайм-аўт. Калі ўжо казаць спартовай тэрміналогіяй, дык тут больш пасуе накаўт альбо накдаўн. Прыкра таксама, што прэзідэнт распавядае пра ход следства аб тэракце, пра тое, што знайшлі ў камп’ютарах затрыманых. Гэта ўсё пакуль павінна быць таямніцай. Складваецца ўражанне, што ён асабіста дапытваў падазроных, асабіста зазіраў у камп’ютар. Але прэзідэнт – не следчы і ён не павінен займацца следзтвам”, – лічыць Георгій Дзмітрук.

Поделиться: