Я памятаю той дзень. Амаль год назад праводзілі з вялікага спорту нашых славутых лёгкаатлетаў Ірыну Ятчанку, Наталлю Сафроннікаву і Васіля Капцюха. Цёплыя словы падзякі за ўсё тое, што яны зрабілі, пажаданні поспехаў на трэнерскай рабоце: “Дзякуй вам за доўгую і цяжкую працу, якой вы аддавалі шмат гадоў, не маючы нават часу, каб больш быць са сваёй сям’ёй…”

Бронзавы прызёр Алімпіяды-1996 і чэмпіянатаў свету 1995 і 2003 гадоў пасля таго, як сышоў з вялікага спорту, стаў працаваць трэнерам. Напэўна, і на самай справе стаў больш часу ўдзяляць сям’і. Уступаў у дарослае жыццё сын Раман, падрастала 5-гадовая Алёнка… Жыві і радуйся!

…14 красавіка. Мінскі камбінат рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскай. Паніхіда па Раману Капцюху пачалася ў 10 гадзін раніцы. Людзей вельмі шмат, таму нават ускласці кветкі да труны адразу было немагчыма. Ідзе адпяванне. Многія стаяць на вуліцы, ціха размаўляюць паміж сабой.

– Мы з Васілём разам працуем трэнерамі ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі, – распавядае мне Леанід Сафроннікаў – муж Наталлі Сафроннікавай. – Мне патэлефанавалі і паведамілі аб трагедыі ва Украіну, дзе ў нас праходзілі зборы. Спачатку не паверылі, а потым…

Людзей становіцца ўсё больш і больш. Шмат кветак, слёзы на вачах… З цяжкасцю стрымлівае іх і сябар Васіля Капцюха, у мінулым вядомы кідальнік кап’я Уладзімір Сасімовіч.

– Мы ўжо не першы год сябруем сем’ямі, – ён рассказвае ціха, як быццам, баіцца парушыць самотны дух жалобы. – Мы з ім і ў інтэрнаце разам жылі, і на зборах, і падчас спаборніцтваў. Ажаніліся амаль у адзін час. Майму сыну 23 гады, Васінаму – 21… Дарэчы, ён павінен быў ехаць з камандай на зборы ва Украіну, але нешта там не атрымалася. Застаўся. Як быццам адчуваў, што здарыцца нядобрае…

Раман вучыўся ў гандлёвым каледжы. Уладзімір распавядае, што быў такім дамаседам, якіх яшчэ і пашукаць трэба.

– Цэлымі днямі сядзеў за камп’ютарам. У гэтым годзе збіраўся паступаць у ВНУ, і, наколькі мне вядома, у той злашчасны дзень ехаў забіраць з каледжа дакументы. Не дай Бог… – голас майго суразмоўцы становіцца перарывістым. – Усе ў шокавым стане, а па Васілю наогул – гэта такі ўдар. У яго і так здароўе не ахці якое. Але ён яшчэ свае эмоцыі на волю выпускае, а жонка Ларыса ўсё ў сабе трымае. Не дай Бог… Сыну ж усяго 21 год, жыццё толькі пачыналася. Вася пастаянна радаваўся, што памочнік вырас, на дачы корпаліся разам. Хацеў, каб жыў, дапамагаў… А так жудасна ўсё склалася. І вось жа лёс! Ромка-дамасед, які нікуды звычайна не ездзіў па горадзе, аказаўся менавіта ў тым месцы і ў той час. І не ў час сыйшоў. Аскепак ад выбуховага прыстасавання прабіў Раману рукзак, лёгкае і сэрца…

– Ромку я ведаю яшчэ з дзіцячага сада, у школе вучыліся ў адным класе, – дадае сябар Рамана, Андрэй. – Па слядах бацькі ў спорт ён хоць і не пайшоў, але не піў, не паліў, вёў здаровы лад жыцця. Заўсёды спакойны, добразычлівы. Камп’ютарам захапляўся, любіў катацца на веласіпедзе. Ніколі з ім не развітваўся – нават зімой. У камп’ютары шмат часу праводзіў – гульні любіў, праграмы складаў. Некалькі дзён назад тэлефанавалі адзін аднаму. Рома быў жыццярадасны. Рассказваў аб планах паступлення ў ВНУ, паведаміў, што напачатку тыдня паедзе ў каледж забіраць дакументы…

…Калі Рамана Капцюха хавалі, слёзы не маглі стрымаць нават мужчыны. Маладога, статнага, прыгожага хлопца, які павінен быў кахаць, прадаўжаць род, садзіць дрэвы, апускалі ў сырую зямлю. А на старонцы Рамана “Укантакце” застаўся такі запіс: “Смерці няма – ёсць Вялікая Сіла”.

Апошняя вясна Рамана Капцюха (фота)

Апошняя вясна Рамана Капцюха (фота)

Апошняя вясна Рамана Капцюха (фота)

Апошняя вясна Рамана Капцюха (фота)

Фота Віталя ГАРБУЗВА.

Поделиться ссылкой: