Гандлёвы цэнтр “Купалаўскі” аказаўся ў самым эпіцэнтры трагічных падзей – патрапіць у яго можна праз пераход як з боку ўніверсама “Цэнтральны”, так і ад Дома афіцэраў. 11 красавіка, калі адбыўся выбух у метро, цэнтр не працаваў – панядзелак… У памяшканні “Купалаўскага” знаходзіўся толькі адміністратар.

Зараз цэнтр  працуе, але ля гандлёвых павільёнаў амаль нікога няма.

— На наступны  дзень пасля трагедыі я прыехала  на працу, але адразу ж вярнулася дадому, —  распавядае мне гандлярка Алена. — Гэтак жа паступілі і астатнія – у гадзін дванаццаць амаль усё было зачынена. Ды і зараз працы няма.

— Як вядома, па панядзелках цэнтр не працуе, а таму ва ўсіх быў выхадны  дзень, —  дадае яго дырэктар Ігар  ХАЛАДОК. — Тут знаходзіўся  толькі наш адміністратар. Ён, дарэчы, дапамагаў выносіць пацярпелых з метро. На наступны дзень мы пачалі працаваць у звычайным рэжыме, але ўваход з боку “Кастрычніцкай” быў зачынены. І пакупнікі не ішлі — не той настрой у людзей пасля таго, што здарылася. У такой сітуацыі пакупкі — справа трэцяя. Народ думаў, дзе б набыць кветкі, каб ускласці іх.

— 11 красавіка  я дзяжурыў у цэнтры, — успамінае  адміністратар Руслан. — Калі  адбыўся выбух, знаходзіўся ў  сябе ў кабінеце, з сястрой размаўляў па мабільным тэлефоне. Дык тэлефон нават выпаў з рук — такая была выбуховая хваля! Я наогул думаў, што нас бамбіць пачалі, як Лівію. Выбег з цэнтра, накіраваўся ў метро. Мне яшчэ сябар знізу патэлефанаваў: “Дапамажы”. Ён ехаў якраз да мяне ў метро — у пятым вагоне. Са мной яшчэ беглі нейкія два хлопцы, міліцыянер і карэспандэнт. Тое, што там убачыў, было проста жахліва. Многія людзі выбягалі ў крыві, дым пайшоў. На самой платформе бачыў адарваныя рукі, ногі… Маладога загінуўшага хлопца бачыў, толькі зараз даведаўся, што яго звалі Сяргеем. Пасля таго, як прыехалі медыкі і супрацоўнікі МНС, дапамагаў ім, на насілках людзей выносілі.

Кажуць, што  ўсе дзейнічалі вельмі аператыўна, без панікі…

— Можа і так,  але асабіста я паніку бачыў. Нават мой сябар Лёша, пра якога я рассказваў, патэлефанаваў ужо пасля выбуху і сказаў, што ён ляжыць на падлозе за калонай і бачыць, як людзі бягуць і падаюць адзін на аднаго. І з самага пачатку многія паўцякалі. Можа, гэта быў шокавы стан, можа, яшчэ што-небудзь, але некаторыя ратавалі ў першую чаргу сябе. Затым ужо, калі прыехалі супрацоўнікі МНС, справа і праўда пайшла арганізавана.

Вы выносілі  жанчыну?

— Так, на руках.  Побач яшчэ дзяўчына ляжала  без кісці. Жанчына, якую выносіў,  была без нагі. Нага засталася  дзесьці на платформе, я яе  не знайшоў. Жанчына вельмі-вельмі  моцна крычала…

Поделиться ссылкой: