Вось што ён расказаў карэспандэнту “Народнай Волі”.

— Учора на 18.00 у мяне была запланавана сустрэча, як раз на Кастрычніцкай. У 17.45 я  ўзняўся па прыступках да танэля, які злучае “Кастрычніцкую” і “Купалаўскую”.  Стаў спіной да платформы станцыі “Кастрычніцкая” і чакаў чалавека. Прыкладна праз 10 хвілін я пачуў моцны хлапок… Зрэагаваў імгненна, хутка прысеў на кукішкі, гэта мяне і ўратавала… Выбуховая хваля была вельмі моцнай. Ляцелі кавалкі арматуры. Мяне зачапіла адным з іх. Каб не прысеў, дык галаву дакладна знесла б… Не загінуў па шчаслівай выпадковасці….

— Што адбывалася на “Кастрычніцкай” адразу пасля здарэння?

— Перад тым, як на станцыі  знікла святло, яна была моцна задымлена… Паветра было напоўнена пылам, будаўнічай крошкай… Пачалася паніка. Крык. Слёзы. Страшна гэта ўзгадваць… Я кінуўся да выхаду. Дапамог выбрацца на вуліцу яшчэ аднаму маладому хлопцу і толькі там адчуў, што са мной нешта не тое… Прыгарнуў руку да галавы і ўбачыў, што яна ўся ў крыві… Нейкая жанчына падбегла да мяне, каб аказаць першую дапамогу… Я бачыў, як у гэты момант на “Кастрычніцкую” бягуць людзі з насілкамі… Бачыў акрываўленых людзей. І зразумеў, што мне моцна пашчасціла, бо я мог стаяць на сваіх нагах…
Пасля здарэння я звярнуўся па дапамогу ў 3-ю клінічную бальніцу Мінска. Там мне на галаву наклалі некалькі швоў. Сёння я звярнуўся ў паліклініку па месцы жыхарства. Там зрабілі здымак галаўнога мозга. Быццам бы ўсё нармальна…

Поделиться ссылкой: