Біскуп Антоні Дзям’янка узначаліць святыя літургіі ў 12.00 у касцёле св. Сымона і св. Алены і ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў 18.30. Адбудуцца святыя Імшы ў іншых касцёлах Беларусі за ахвяраў тэракта.

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з тэрактам у мінскім метро

Выбух, які адбыўся ў выніку тэрарыстычнага акту ў мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 г. і ў якім загінулі і пацярпелі невінаватыя людзі, глыбокім болем адазваўся ў сэрцах як грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, так і сусветнай супольнасці. З хрысціянскага і агульначалавечага пункту гледжання кожны, у тым ліку і гэты, тэрарыстычны акт, які глыбока асуджаю, не дапусцімы і ні якім чынам не можа быць апраўданы. Насілле не вырашае праблем і не прыносіць шчасця.

У гэты час Вялікага Посту, калі хрысціяне ўсяго свету разважаюць над цярпеннямі і крыжовай смерцю Хрыста, мінская падземка стала новай Галгофай, дзе нявінныя ахвяры з’ядналіся з ахвярай Хрыста. Калі, як маланка з неба, на нас звалілася выкліканая не чалавечым актам тэрарызму бяда, і калі здаецца, што зямля правалілася пад нагамі, нашай надзеяй застаецца міласэрны Бог.

Знаходзячыся за мяжой, ад усяго сэрца выказваю свае спачуванні сем’ям загінуўшых, параненым і ўсім пацярпелым, раздзяляю іх боль і малюся за ахвяры гэтай крывавай падзеі.

Божа, будзь міласэрны да нявінна загінуўшых, даруй ім іх правіны і прымі ў сваё вечнае Валадарства. Стань суцяшэннем і адрадзі надзею ў перажываючых страту сем’ях і блізкіх. Адары ласкай здароў’я параненых. Сцеражы нас ад падобных злачынстваў і дапамажы, каб у нашым грамадстве і ва ўсім свеце панавала ўзаемная любоў, бо толькі яна мае будучыню і толькі яна – творчая.

Давяраючы нашу Айчыну Божай міласэрнасці і перажываючы з усім беларускім грамадствам гэту трагедыю, заклікаю да малітвы ў інтэнцыях яе ахвяр і да дапамогі пацярпелым.

Поделиться ссылкой: