Грамадзяне пішуць скаргі ў пракуратуру, пракуратура перанакіроўвае іх у КДБ, а КДБ – ізноў у пракуратуру.

Атрымліваецца, як у вядомай прыказцы: ніхто не хоча браць на сябе адказнасць і праваахоўныя органы перакладаюць яе адзін на аднога.

У такой сітуацыі зараз апынулася і сям’я моладзевага актывіста Алега Ладуцькі, у якой падчас снежаньскага ператрусу была канфіскаваная значная грашовая сума.

Скаргу маці актывіста Наталлі Ладуцька на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РУУСа з патрабаваннем вярнуць канфіскаваную маёмасць Менская гарадская пракуратура фактычна праігнаравала. Заяўніцы паведамілі, што адабраныя грашовыя накапленні  “будуць перададзеныя ўладальніку следчым аддзелам УКДБ па Менску і Менскай вобласці”.

УКДБ, у сваю чаргу, паведаміла жанчыне, што адказ па сутнасці скаргі павінна даць Менская гарадская пракуратура.

– То бок, атрымліваецца такі футбол – кожны футболіць ад сябе і не хоча вырашаць праблему па сутнасці, – каментуе сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч.- І такіх выпадкаў нам вядома шмат. Напрыклад, у моладзевага актывіста Паўла Кур’яновіча падчас ператрусу, праведзенага ў яго адсутнасць на кватэры, якую ён здымаў, адабраны пашпарт, студэнцкі білет польскага вну і асабістыя грошы. Асіповіцкаму актывісту Ігару Сімбірову адказваюць, што гітару вярнуць не могуць, бо часу няма праз вялікі аб’ём працы. Ну дык калі вялікі аб’ём працы, то можа няварта было сканфіскоўваць ўсё гэта. Зараз следства па справе скончана, вось цікава, як яны гэта ўсё будуць аддаваць? 

Па словах праваабаронцы, грамадзяне амаль не маюць шансаў вярнуць адабраную ў іх асабістыя рэчы:

– Таму што суд будзе вырашаць пытанне пра канфіскаваную маёмасць толькі адносна тых асобаў, чые справы ён разглядаў. Напрыклад, у Ліхавіда падчас ператрусу забралі кампутар і нейкія рэчы, і суддзя, калі выносіла прысуд, гэтае пытанне ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу вырашала. Але, скажам, той жа Ладуцька, той жа Сімбіроў ды і ў маім выпадку – я пішу скаргі адносна маёй маёмасці, забранай падчас ператрусу ўноч на 20 снежня – у нас ніякага статусу няма. Тое ж і ў сітуацыі з маці Алега Ладуцькі – яна не сведка, не абвінавачаная па крымінальнай справе. У мяне складаецца такое ўражанне, што гэта ўся маёмасць там пасля і застанецца папросту.

У выпадку сям’і Ладуцькаў зараз рыхтуецца скарга на імя пракурора г. Менска, дзе будуць выкладзеныя ўсе гэтыя факты.

– Па-першае, ёсць Закон “Аб звароце грамадзянаў” і пытанне павінна па сутнасці разглядацца, а не перакідвацца з адной установы ў іншую. Я ўжо не кажу, што стала практыкай тое, што пракуратура скіроўвае скаргі грамадзянаў у органы, дзеянні якіх яны абскарджваюць. Гэта недапушчальна паводле арт.9 Закона “Аб звароце грамадзянаў”. Там ёсць толькі адно выключэнне: такія скаргі можна перасылаць, калі разгляд пытання адносіцца да выключнай кампетэнцыі гэтага органа. Іншых выключэнняў няма, – адзначае В.Стэфановіч. – Па-другое, паўстае пытанне з тэрмінамі. 22.02.2011 УКДБ перанакіравала зварот у гарадскую пракуратуру, якая павінна была даць адказ па сутнасці заявы. Дзе гэты адказ? Ужо красавік-месяц. То бок, Закон “Аб звароце грамадзянаў” проста нахабнейшым чынам парушаецца, парушаюцца правы грамадзянаў. Зрэшты, гэта не праблема грамадзянаў, што ў нашых органаў следства вялікі аб’ём дзеянняў па дадзенай крымінальнай справе. Гэта не наша праблема. Праблема ў тым, што ў кожнага канкрэтнага чалавека забралі яго маёмасць.

Праваабаронца лічыць, што такія выпадкі трэба абскарджваць і  ў судовым парадку. В.Стэфановіч раіць грамадзянам звяртацца з патрабаваннямі прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні, у тым ліку, і Закона “Аб звароце грамадзянаў”. Бо зацягненне тэрмінаў адказу на звароты –  гэта парушэнне парадку разгляду скаргаў, рэгламентаванага гэтым законам. Такая адказнасць устаноўленая адміністратыўным кодэксам ў дачыненні да службовых асобаў.  

Поделиться ссылкой: