Зараз ён, замест “масавых беспарадкаў” абвінавачваецца па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі” – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.

 Адразу пасля вызвалення Аляксандр Іосіфавіч часова адмовіўся ад кантактаў з журналістамі. Ён папрасіў пару дзён, з тым каб пасля трох з паловай месяцаў зняволення прыйсці ў сябе…

Мы сустрэліся з ім з самага ранку. Аляксандр запрасіў да сябе дамоў. За час, які Аляксандр Фядута правёў пад вартай, ён моцна змяніўся знешне: па-першае, схуднеў. Па ягоным уласным прызнанні, “там згубіў 15 кілаграм”. Па-другое, у зняволенні Фядута адгадаваў вусы.

Аляксандр Фядута запрашае ў пакой, частуе гарбатай і пачынае раскаваць…

— Пад падпіску аб нявыездзе мяне вызвалілі без усялякіх дадатковых умоў. Выклікалі, паведамілі, што мера стрымання ў дачыненні да мяне зменена і прывезлі дамоў. Мне нельга выязджаць з Мінска, па першым патрабаванні я абавязаны з’явіцца для правядзення следчых дзеянняў. Ніякіх “пакаяльных лістоў” за ўвесь час знаходжання ў СІЗА КДБ я нікому не пісаў. Праўда, напісаў ліст на імя старшыні КДБ Беларусі. У ім я выказаў генералу Зайцаву сваё бачанне таго, што адбылося, і сфармуляваў у чым я усё ж такі адчуваю сваю віну…

— Аляксандр Іосіфавіч, калі не сакрэт, што вы там напісалі?

— Як не дзіўна, тэзісы, якія я напісаў у лісце на імя Зайцава, у рэшце рэшт супалі з тым абвінавачаннем, якое мне выстаўлена зараз. Я пісаў, што ніхто з выбарчага штаба Уладзіміра Някляева не быў зацікаўлены ў масавых беспарадках, што мы былі зацікаўлены ў мірным сыходзе акцыі. Адзінае, у чым я бачу сваю віну, дык гэта ў тым, што мае дзеянні выліліся ў парушэнне грамадскага парадку. Смешна гэта адмаўляць, Ты заклікаеш людзей выйсці на плошчу, цябе папярэджвае Генеральная пракуратура, нягледзячы на гэта, ты працягваеш заклікаць, гэта ўжо парушэнне грамадскага парадку… А абвінавачанне ў “масавых беспарадках”, якое было выстаўлена першапачаткова, выклікала ў мяне шок. Не санкцыяй у 15 гадоў, а свай абсурднасцю і неадпаведнасцю з тым, што адбылося. Тым больш абвінавачваць мяне ў асабістым удзеле ў “масавых беспарадках”. Мяне на плошчы не было фізічна і спецслужбы гэта ведалі… Таму абвінавачанне выглядала абсурдным…

Поўную версію інтэрв’ю з Аляксандрам Фядутам чытайце пазней на нашым сайце і ў заўтрашнім нумары “Народнай Волі”.

Фота Юліі Дарашэвіч

Поделиться: