“Я знаходзіўся ў інфармацыйнай ізаляцыі. Шмат чаго не ведаю — што ў краіне, што ў партыі. Ведаю толькі, што ў сям’і. Самае галоўнае: маці перастала плакаць. У мяне было мала кантактаў з людзьмі, што мяне забралі. На першай сустрэчы мне сказалі, калі я зраблю пэўныя заявы, то літаральна ў гэты ж дзень магу быць дома. Я паказаў следчаму сваю правую руку. І сказаў, што хутчэй яе адгрызу, чым адмоўлюся ад таго, у што веру, ці скажу супраць некага… Калі прайшло тры дні, то тры невядомыя асобы сказалі самае галоўнае: “Анатоль Уладзіміравіч, за вамі цягнецца здаравенны-здаравенны шлейф грахоў“. Давялося адзначыць, што грахі — катэгорыя маральная, а не юрыдычная. Тым больш, што Ісуса Хрыста я там не бачыў, каб ён мог вызначаць мае грахі”.

Пасля гэтага следства страціла цікавасць да яго персоны. Анатоль Лябедзька лічыць сябе палітычным закладнікам “для бартэру ці нечага іншага”. Палітык час ад часу трапляў у адну камеру з чатырма ўдзельнікамі “справы 19-га”. «Алесь Кіркевіч — малайчына, усё нармальна ў яго. Праўда, некаторыя праз тое, што ён моліцца, думаюць, што ён мусульманін. Я быў з Малчанавым, калі мы ляжалі на драўляных канапах. Мне пашанцавала, калі перавялі з адной камеры ў другую, то засталася “шконка“ ад Фядуты, яна на дзве дошкі шырэйшая. Дык я там катаўся як сыр у масле. Сустракаўся з Уладзімірам Яроменкам, аддаў яму свае шкарпэткі. І з Аляксандрам Арастовічам быў самы працяглы час. У косці я ў яго выйграў».

Анатоль Лябедзька кажа, што за палову кантынгенту тых людзей, з якімі яму давялося сядзець, АГП пазмагалася б. “Гэта ў асноўным прадпрымальнікі, якія сядзяць па нейкіх бязглуздых абвінавачаннях. Гэтую сістэму трэба мяняць”.  

Не без гумару Анатоль Лябедзька кажа: “Тое, што са мной адбылося, гэта вялікае блага. Напрыклад, узяць гэты худзенькі матрас. А гэта ж артапедычны матрас. Папросту няправільная трактоўка таго, што вам даюць… Калі загарацца не адна, а дзве лампачкі, то гэта ж добра — лепш бачыш, лепш чытаеш. Залежыць, як вы гэта ўспрымаеце. Калі вы будзеце думаць, што гэта бяда і вы не ўстанеце, то вам будзе толькі горш. Калі ж вы будзеце да гэтага ставіцца, як да часовай з’явы, то і тонкія матрасы і драўляныя шконкі — гэта нармальна”.  

Палітык не хоча скардзіцца на цяжкасці, але адной фразы дастаткова, каб зразумець усю глыбіню пакутаў: “Першы ліст я атрымаў ад сям’і толькі напрыканцы лютага. Гэта была невялікая цыдулка, што ў іх усё нармальна. Апошні раз я плакаў, напэўна, у дзясятым класе, а тут на слязу прабіла”. 

Паколькі больш за тры месяцы не адбывалася ніякіх следчых дзеянняў, палітык пачаў займацца літаратурнай творчасцю.  “У турме я стаў паэтам. Лаўры Някляева не даюць мне спакою. Пры вызваленні ў мяне забралі чатыры сшыткі. Адзін з якіх быў з вершамі. Гэтыя сшыткі бралі тройчы на праверку, але аддавалі. Спадзяваўся забраць іх з сабой.

Пачаў пісаць апавяданне «Лёлік». Гэта пра голуба, з якім я кожны раз вітаўся на шпацыры. Ён здзіўлена глядзеў на нас. Звычайна ж птушкі ў клетцы, а тут наадварот”.  

Што да катаванняў у СІЗА КДБ, то Анатоль Лябедзька пацвердзіў наяўнасць людзей у чорных масках. Ён з усмешкай сказаў, што баіцца казытання і распавёў, што, калі яго па два разы на дзень выводзілі і распраналі, то тады ён адчуваў гэтае самае козытанне і не мог утрымацца ад смеху. Пры гэтым ён распавёў: “З намі працавалі «добрыя людзі ў масках».

“Калі кажуць, што ногі павінны быць на расцяжцы на 70 сантыметраў, то я рабіў на 1 метр 30 сантыметраў. Калі табе загадваюць рабіць 70 см, каб прынізіць, а ты робіш больш, то яны разгубленыя. Былі розныя людзі. Адны ўвесь час паважліва называлі мяне Анатоль Уладзіміравіч, іншыя лічылі, што толькі сілай можна нешта даказаць”.  

На пытанне: чаму экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Яраслаў Раманчук адразу быў адпушчаны на волю, а яго давераная асоба засталася пад вартай і абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве, Анатоль Лябедзка адказаў: “Пакуль я гатовы сказаць толькі наступнае: людзі, якія знаходзяцца ў амерыканцы дзеляцца на некалькі груп. Ёсць група, якую я кваліфікую як “палітычныя закладнікі”. Да гэтай групы я адношу сябе самога і Паўла Севярынца”.  

Анатоль Лябедзька хоча азнаёміцца з сітуацыяй у партыі і потым даць асобную прэс-канфэрэнцыю.  

Нагадаем: лідара АГП затрымалі ўначы з 19 на 20 снежня дома і на руках знеслі ў машыну. Адвакат палітыка з 29 снежня да 23 сакавіка не бачылася са сваім падабаронным. Анатоль Лябедзька абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія, паводле абвінавачання, мелі месца ў беларускай сталіцы ў дзень галасавання 19 снежня. 

Раней пад падпіску аб нявыездзе адпусцілі экс-кандыдатаў ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Алеся Міхалевіча, рэдактара сайта www.charter97.org Наталлю Радзіну, кіраўніка выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэя Дзмітрыева і актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Сяргея Вазняка. 

Пад хатнім арыштам знаходзяцца экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў і журналістка расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп. Наталля Радзіна і Алесь Міхалевіч не сталі чакаць суду і з’ехалі за мяжу.

Поделиться: