Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце ад 1 красавіка за подпісам начальніка Упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый міністэрства А. Кірычэнкі.

Зварот звязаны з нядаўнім затрыманнем у Гомелі сябра арганізацыі Алега Ражкова, у якога праваахоўныя органы забралі «для праверкі на сапраўднасць» пасведчанні БАЖ і МФЖ. 30 сакавіка пасведчанні журналісту вярнулі, але міжнароднай прэс-картай, як бачым, зацікавіўся Мінюст.

«Упершыню пытанне пра пасведчанне МФЖ паўстала ў часе слуханняў у Вярхоўным судзе з нагоды папярэджання БАЖ у 2010 годзе, — узгадвае намеснік старшыні ГА „БАЖ“ Андрэй Аляксандраў. — Прадстаўнік Мінюсту заявіў, што гэта прэс-карты не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Тады ж, нагадаем, і БАЖаўскія пасведчанні з надпісам „Прэса“ былі прызнаныя незаконнымі… Чарговая хваля праверак журналісцкіх пасведчанняў — гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на тое, каб не даць незалежным СМІ выконваць сваю працу і абмяжоўваць права грамадзян на свабодны распаўсюд і атрыманне інфармацыі».

«Я б хацеў нагадаць, што Венецыянская камісія, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца і Беларусь, падрыхтавала афіцыйнае заключэнне з нагоды папярэджання БАЖ, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Камісія палічыла, што настойлівая заклапочанасць Мінюсту сяброўскімі пасведчаннямі парушае адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ). Як бачым, Мінюст проста не зважае на заключэнне гэтага органа…»

З 1997 года ГА «БАЖ» з’яўляецца асацыяваным сябрам МФЖ — найбуйнейшай сусветнай арганізацыі журналістаў, якая аб’ядноўвае каля 600 тысяч сябраў з больш як 100 краін свету. Паводле Статуту МФЖ, мясцовыя саюзы (якім у Беларусі з’яўляецца ГА «БАЖ») маюць права выдаваць сябрам сваіх арганізацый журналісцкія пасведчанні міжнароднага ўзору.

Міжнародныя прэс-карты выдаюцца МФЖ ўжо на працягу 60-і гадоў і прызнаюцца ў 123-х краінах свету. «Прэс-карта МФЖ — найстарэйшая ў свеце, з найбольш трывалай рэпутацыяй, …сталае пацвярджэнне таго, што яе ўладальнік — практыкуючы журналіст,» — гаворыцца на сайце міжнароднай арганізацыі.

Нагадаем: 13 студзеня 2010 г. Міністэрства юстыцыі вынесла афіцыйнае папярэджанне ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». 22 сакавіка Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле. Ён пацвердзіў забарону Мінюста на выкарыстанне сябрамі ГА «БАЖ» пасведчанняў са словам «Прэса» (гэтыя пасведчанні былі найбольш важнымі для журналістаў, якія не ўваходзяць у штат рэдакцый СМІ) і прызнаў незаконнасць дзейнасці Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ».

Яшчэ да судовага разгляду гэтай справы Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы выказала занепакоенасць папярэджаннем Міністэрства юстыцыі. З меркавання АБСЕ, яно кідае выклік міжнародна прызнанай дзейнасці асацыяцыі па абароне інтарэсаў журналістаў і свабодзе слова. Улічваючы, што Беларусь з’яўляецца сябрам Венецыянскай камісіі, ПАСЕ звярнулася ў Венецыянскую камісію з просьбай даць заключэнне, ці ёсць папярэджанне Міністэрства юстыцыі парушэннем агульнапрызнаных стандартаў у галіне правоў чалавека.

Сваё заключэнне Венецыянская камісія вынесла 17–18 снежня 2010 г.

Вось некаторыя вытрымкі з гэтага заключэння:

П. 82.: «Сябры БАЖ займаюцца журналістыкай і павінныя мець магчымасць прэзентаваць сябе ў якасці журналістаў для таго, каб ажыццяўляць сваю дзейнасць. Пагроза злоўжывання службовым становішчам з дапамогай прэс-карт не была ўстаноўлена…»

П. 83: «… Забарона іншым арганізацыям, такім як БАЖ, выкарыстоўваць прэс-карты са словам «Прэса» можа ўрэшце прывесці да свайго роду цэнзуры для журналістаў БАЖ, таму што, адпаведна, яны не могуць атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю так, як іншыя журналісты. На самой справе, забарона выкарыстання прэс-карт для асацыяцый, такіх як БАЖ, уяўляе сабой наўмыснае парушэнне арт. 19 МПГПП…»

П. 87: «Венецыянская камісія лічыць, што, патрабуючы ад БАЖ забяспечыць выманне ўсіх выдадзеных БАЖ сяброўскіх білетаў з адлюстраваннем слова «ПРЭСА» і «ПРЭСА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» і прасачыць за тым, каб яны не маглі выкарыстоўвацца ў будучым, папярэджанне парушае правы БАЖ і яе сябраў на свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі, гарантаваныя ў арт. 19 МПГПП і ў арт.10 ЕКПЧ…»


Поделиться: