Радыё Свабода: Алесь, як бы вы маглі пракаментаваць відэастужку, якая была сёння паказана журналістам у пракуратуры?

Міхалевіч: З упэўненасцю хачу сказаць, што я заяўляў пра тое, што я гатовы да гэтай стужкі. Я пра гэта казаў і супрацоўнікам КДБ, а пасля я сказаў пра гэта ў маім блогу, распавёў пра гэта ўсім, што так – мае сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ здымаліся і што з іх можна нарэзаць нейкі кавалак, нарэзаць нейкі фільм, што ўласна кажучы і было зроблена. Вы бачыце, што ў гэтай стужцы я прыходзіў у рознай вопратцы, бачна, што гэтыя кавалкі намантаваныя з розных сустрэчаў.

Радыё Свабода: Вы не можаце сказаць хаця б прыблізна, калі былі зробленыя гэтыя запісы?

Міхалевіч: Усе гэтыя запісы былі зробленыя пасля майго вяртання з турмы на Валадарцы і пасля таго, як быў пік катаванняў, калі мне выкручвалі рукі і патрабавалі ад мяне прызнання, патрабавалі абяцання, што я буду выконваць усё, што ад мяне патрабавалі супрацоўнікі КДБ. Адпаведна, калі браць па часе, гэта ўсё адбывалася пасля 10-11 студзеня, больш чым праз 20 дзён пасля таго, як я знаходзіўся ў следчым ізалятары. У гэтых запісах ёсць фраза, што “я адмаўляўся сустракацца з вамі без адваката” і што “гэта мая вялікая ласка”. Зразумела, што гэтая ласка з майго боку была зробленая пасля вельмі сур’ёзнага фізычнага ўздзеяння, фізычных катаванняў.

Радыё Свабода: Тое, што вы кажаце на гэтай стужцы – гэта вам было прадыктавана ці вам толькі задавалі, у якім ключы гаварыць, а вы ўжо самі вызначалі, як?

Міхалевіч: Мне задаваліся пытанні, і я пачаў проста гуляць з КДБ, каб абгуляць іх па іншых правілах. Менавіта для гэтага былі дэкларацыі маёй ляяльнасці і г.д. Пра гэтым заўважце – усе мае прапановы выключалі падпісанне ўсялякіх дамоў пра супрацоўніцтва. І навошта КДБ усё ж паставіў адзінай умовай падпісанне дамовы, я ўсё ж не разумею. Яны спрабуюць паказаць, што я супрацоўнічаў сам. Нічога такога не было. Гэта было цалкам пад фізычным уздзеяньнем, пад уздзеяннем пагроз, і нічога гэтае відэа не тлумачыць.

Радыё Свабода: Таксама сёння былі агучаны вынікі праверкі вашых абвінавачанняў у катаваннях. Паводле сп. Швэда, прадстаўніка пракуратуры, вынікі праверкі склалі цэлы том, паводле пракуратуры нічога не падцвердзілася, вашы словы трактуюцца як ілжывы данос. Што б вы маглі сказаць на гэты конт?

Міхалевіч: Я ўпэўнены, што пасля таго, як іншыя ўдзельнікі маёй справы – а менавіта Бандарэнка, Саньнікаў, Статкевіч і іншыя – змогуць гаварыць, яны скажуць яшчэ не тое. Я ўпэўнены, што супраць іх таксама выкарыстоўваліся падобныя метады. Я таксама упэўнены, што людзі з маёй камеры, калі апынуцца на свабодзе, пачнуць гаварыць зусім па-іншаму.

Калі ты знаходзішся ў следчым ізалятары і пастаянна пад ціскам таго, што галоўнае – выжыць, што доктар не будзе цябе лячыць і ні ў які шпіталь не адправіць, то зразумела ты не скажаш ні пра якія катаванні. Але як толькі ў цябе з’яўляецца магчымасьць распавесці праўду, ты гэтую магчымасць выкарыстоўваеш.

Радыё Свабода: Наколькі можна было зразумець, пракуратура адказвала па канкрэтных сюжэтах, па канкрэтных формах катавання, пракурор, напрыклад, сказаў: “Дзе вы знойдзеце фарбу, якая 40 хвілін сохне…” Ці дастаткова ўважліва вы паглядзелі іх пярэчанні? Што вы скажаце пра гэтыя абвяржэнні вашых абвінавачанняў?

Міхалевіч: Адсутнасьць кайданкоў – гэта ўвогуле смешна, бо кайданкі чапляліся кожны раз… Гэта мяне ўвогуле вельмі зьзіўляе, бо ёсць дзясяткі сведкаў таго, як яны выкарыстоўваліся, у тым ліку тыя самыя аператыўныя супрацоўнікі. Так, у памяшканні, дзе я размаўляю, я ўжо сяджу без кайданкоў, але да яго мяне прыводзілі вельмі высока падняўшы гэтыя кайданкі за спінай.

Што да фарбы – вельмі прыемна, што яны прызналі яе наяўнасць. Будзем далей разбірацца і будзем падаваць заяву адносна таго, навошта гэтая фарба з’яўлялася.

Па астатніх абвінавачаннях – я ўпэўнены, што ёсць яшчэ сведкі, якія загавораць і загавораць вельмі хутка.

На жаль, можа быць якраз таму зараз улада будзе баяцца таго, каб дадатковыя людзі атрымлівалі магчымасць пра гэта гаварыць. Але са свайго боку я зраблю ўсё магчымае, каб іншыя, хто праходзіць па гэтай справе, таксама атрымалі магчымасць гаварыць з журналістамі і з міжнароднай супольнасцю і распавесці пра ўсе тыя катаванні, якія адбываліся супраць іх.

Радыё Свабода: Якія крокі вы будзе рабіць у цяперашняй
вашай сітуацыі ў адказ на гэтыя крокі пракуратуры? Як гэтая стужка і гэтае заключэнне пракуратуры могуць паўплываць на ваш статус тут у Чэхіі?

Міхалевіч: Я думаю, што ніяк гэта не паўплывае на мой статус на Захадзе. Усе разумеюць, што гэтая стужка не мае пад сабой ніякай юрыдычнай ці фактычнай сілы, гэта змантаваныя кавалкі. Нічога дзіўнага там не адбылося, нічога кардынальна па маёй справе гэтая стужка не мяняе.

Поделиться: