Як вядома, камунальныя службы Савецкага раёна Мінска не працягнулі дамову арэнды памяшкання, якое БНФ займала цягам 20 год. Разам з тым, як адзначаецца ў заяве Асамблеі НДА, “значнасць гэтага офіса для грамадскага жыцця Мінска складана пераацаніць. Тут быў цэнтр культурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці, праводзіліся выставы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, прэзентацыі, сустрэчы творцаў”.

У такім разе, непадаўжэнне дамовы арэнды Асамблея НДА расцэньвае не толькі як спробу задушыць асяродак свабоды ў беларускай сталіцы, а таксама як моцны ўдар па грамадзянскай супольнасці Мінска і ўсёй краіны.

“Мы патрабуем ад Мінгарвыканкама падоўжыць арэнду. Тым болей, па праспекце Машэрава, 8 размешчаныя юрыдычныя адрасы некалькіх грамадскіх і палітычных арганізацый і іхніх арганізацыйных структур. Гэта Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ, ГА БНФ “Адраджэнне”. І пазбаўленне памяшкання і юрыдычнага адрасу можа прывесці да ліквідацыі згаданых арганізацый. Як, напрыклад, здарылася тры гады таму з Брэсцкім гісторыка-культурным аб’яднаннем “Стары горад”, якое не мела сталага офіснага памяшкання”, — зазначыў кіраўнік Выканаўчага бюро Сяргей Лісічонак.

У заяве Асамблеі звяртаецца ўвага на тое, што праблемы з прадастаўленнем памяшканняў носяць не адзінкавы, а сістэмны характар. Што лішні раз падкрэслівае дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў справы грамадскіх аб’яднанняў праз стварэнне праблем з арэндай памяшканняў.

Такім чынам, Праўленне Асамблеі НДА заклікае іншыя арганізацыі і міжнародную супольнасць да салідарнасці, паколькі Сядзіба БНФ з’яўляецца найстарэйшым асяродкам грамадскай дзейнасці ў Беларусі.

Поделиться: