«Увогуле, дыялог з еўрапейскімі калегамі па аблягчэнні міжчалавечых кантактаў і разбурэнні штучных бар’ераў мусілі б пачаць улады Беларусі, аднак паколькі яны яўна не спяшаюцца, за гэта даводзіцца брацца грамадзянскай супольнасці. Будзем прыкладаць усе намаганні, каб падтрымаць гэтую амбіцыйную грамадскую ініцыятыву беларусаў», — кажа Томас Тамілінас, прадстаўнік недзяржаўнай арганізацыі «Belarus Watch», літоўскага партнёра кааліцыі.

Створаная кааліцыя мае адкрыты характар. Да яе могуць далучацца іншыя прадстаўнікі грамадскага сектару — як арганізацыі, так і асобныя зацікаўленыя асобы. Асноўнай задачай кааліцыі будзе ажыццяўленне грамадскай кампаніі «Без візы!» па прасоўванні аргументаў за скасаванне візавага рэжыму — інструмента, які кепска зарэкамендаваў сябе ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю, а вось роднасныя, эканамічныя, культурныя, суполкавыя і іншыя кантакты абмяжоўвае вельмі паспяхова.

«Як перажытак часоў «халоднай вайны», візавы рэжым з’яўляецца асноўнай перашкодай для праеўрапейскіх настрояў беларусаў. Сітуацыю пагаршае бюракратычная працэдура падачы дакументаў на візу, а таксама непрыязнае стаўленне да людзей у консульствах», — упэўнены палітычны аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». Ва ўстаноўчых дакументах праграмы як адна з патэнцыйных мэтаў супрацоўніцтва пазначанае дасягненне поўнага бязвізавага рэжыму.

Нягледзячы на палітычныя супярэчнасці паміж Мінскам і Бруселем, а таксама візавыя санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам супраць шэрагу беларускіх урадоўцаў ды візавыя санкцыі ў адказ з беларускага боку, ЕС не адмовіўся ад планаў у найбліжэйшы час распачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Паводле апытанняў, магчымасць вольна вандраваць — асноўнае чаканне беларусаў у адносінах краіны з ЕЗ. 

Поделиться: