«Напярэдадні Дня волі ў Магілёве затрымалі, а потым асудзілі на адміністратыўны арышт ад 3 да 7 сутак журналістаў і сябраў ГА «БАЖ» — Уладзіміра Лапцэвіча, Алеся Асіпцова і Дзмітрыя Салаўёва. У Віцебску на некалькі гадзін затрымалі тэлежурналіста Уладзіслава Стараверава. Усе затрыманні адбываліся на надуманых падставах. 25 сакавіка міліцыя і асобы ў цывільным зноў перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі журналістам, якія асвятлялі ход вулічных акцый.

Вельмі паказальным стала 28 сакавіка. Акрамя вышэйзгаданага асуджэння У. Лапцэвіча і Д. Салаўёва, цягам аднаго дня:

— Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў дзве скаргі да Міністэрства інфармацыі з боку газеты «Народная воля» і «Аўтарадыё», якія спрабавалі абскардзіць папярэджані Мінінфарма;

— стала вядома пра крымінальную справу, узбуджаную супраць гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута па ч.1 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта РБ»,

— пазбавілі акрэдытацыі пры беларускім МЗС галоўнага рэдактара расійскага інфармацыйнага агенцтва «Свабода» Аляксандра Лашманкіна, які раней быў зняты з цягніка ў Оршы і адбыў трое сутак адміністратыўнага арышту нібыта за хуліганства.

Гэтыя падзеі цяжка назваць інакш як паляваннем на прадстаўнікоў СМІ. Дзяржава дэманструе поўную непавагу да прафесійных правоў журналістаў, свабоды выказвання і свабоды прэсы.

Усё гэта з’яўляецца працягам хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Сямёра журналістаў і сябраў БАЖ абвінавачваюцца ў крымінальным злачынстве — арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Адзін з іх — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму (прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў). Яшчэ шасцёра — Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка -чакаюць суда. Ім пагражае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

— выказвае рашучы пратэст у сувязі з пераследам калег;

— патрабуе неадкладна спыніць ціск на журналістаў і сродкі масавай інфармацыі;

— нагадвае, што свабода выказвання з’яўляецца не толькі адной з фундаментальных свабод чалавека, але і крытэрам захавання іншых правоў і свабод”.

Поделиться: