Пераважна расіяне — амаль дзве трэціх ад усіх, хто звярнуўся летась з просьбай атрымаць від на жыхарства. Далей ідуць украінцы — 27 хадайніцтваў з агульных 159. Цікава, што 40 працэнтаў ад усіх “эмігрантаў” — этнічныя беларусы, якія, пажыўшы нейкі час у эміграцыі, усё ж вярнуліся на гістарычную радзіму. Сярод тых, хто стала атабарыўся на слуцкай зямлі (мае ўжо беларускае грамадзянства), ёсць людзі з так званага далёкага замежжа: балівійцы, непальцы, туркі, в’етнамцы, італьянцы, французы…

Не варта думаць, што мясцовыя ўлады скрозь пальцы пазіраюць, калі новапрыбыўшыя парушаюць беларускае заканадаўства, ці там мясцовыя парадкі. Напрыклад, толькі ў 2010 годзе Слуцкім РАУС былі ануляваны дазволы на пастаяннае пражыванне 15 замежных грамадзян. Замежнікі, часова прыбыўшыя ці пражываючыя пастаянна, але якія парушылі міграцыйнае заканадаўства, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, некаторыя штрафуюцца і дэпартуюцца. Летась, напрыклад, рашэнне аб дэпартацыі было прынята на трох эмігрантаў. У гэтым годзе дэпартавалі толькі аднаго чалавека. І ўсё ж слуцкая зямля, нягледзячы ні на што, вабіць замежнікаў. Чым такое тлумачыцца? Самі эмігранты гавораць прыкладна так: прыгожы край, даступнае медычнае абслугоўванне, амаль бясплатная адукацыя, недарагое жыллё… І, нарэшце, тут ціха, спакойна, а гэта па нашым часе — не апошняя раскоша.

Поделиться ссылкой: