Па “справе 19 снежня” пакараныя ўжо дзевяць чалавек. Усіх абінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Зміцер Парфянкоў, Аляксандр Атрошчанкаў, Зміцер Новік і Аляксандр Малчанаў ізаляваны на розныя тэрміны — ад трох да чатырох гадоў. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі Арцём Брэус і Іван Гапонаў пакараны штрафам, а Дзмітрый Мядзведзь — абмежаваннем волі на два гады з адбыццём пакарання па месцы жыхарства. Лідар “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў пакараны зняволеннем на два і пяць гадоў.

Цяпер ідзе суд над Мікітам Ліхавідам.

На чарзе суды над Арцёмам Грыбковым, Андрэем Пазняком, Змітром Буланавым і Аляксандрам Квяткевічам. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Такое ж абвінавачанне прад’яўлена Аляксандру Класкоўскаму, але ён будзе адказваць і за абразу прадстаўніка ўлады і самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы.

Як арганізатараў масавых беспарадкаў будуць судзіць экс-кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса.

Іншыя абвінавачаныя чакаюць сваёй чаргі. Сярод іх і намесніца лідара “Маладога фронту” (Зарэгістраваны ў Чэхіі) Наста Палажанка, уся віна якой палягае ў тым, што дзяўчына звярнулася да моладзі на плошчы Незалежнасці з кароткай прамовай аб тым, што моладзь хоча жыць у дэмакратычнай краіне з нармальнай эканомікай і добрай адукацыяй, а не шукаць лепшай долі ў замежжы. Яна адпушчана з “амерыканкі” пад падпіску аб нявыездзе. Пад хатнім арыштам знаходзяцца журналістка Ірына Халіп і экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта пісьменнік Уладзімір Някляеў.

Палітык Вінцук Вячорка лічыць, што “19 снежня было днём расчаравання і нечаканасцяў для тых беларускіх палітыкаў, якія верылі ў цывілізацыю беларускага рэжыму, а таксама для тых, хто верыў у спрыянне Масквы ў справе дэмакратызацыі. Для людзей, якія выйшлі на Плошчу, нягледзячы на разнабой сярод палітыкаў, падзеі 19-га пацвердзілі, што выходзілі яны слушна. Гэтае праясненне не ўдасца адмяніць ніякімі рэпрэсіямі, ніякай разбэшчанай прапагандай”.

100 дзён пасля Плошчы адзначаць у еўрапейскіх сталіцах беларускія студэнты і іх сябры каля будынкаў беларускай амбасады і на цэнтральных плошчах.

Поделиться: