На пытанне, адкуль яна пра гэта ведае, тая адказала: яны самі патэлефанавалі, прасілі  паведаміць у рэдакцыю… Праз 25 хвілін наш  карэспандэнт быў на месцы. УАЗік  усё яшчэ стаяў у двары. А далей  ўсё разгортвалася з маланкавай хуткасцю. Да пад’езда адна за другой падкацілі два легкавікі (“Жыгулі” вішнёвага колеру, нумар 83-68 і “дзевятка” нумар 90-77). Тут жа з пад’езда вывелі маладзёнаў (чацвярых, а можа і пецярых) людзі ў цывільным, запіхнулі ў аўтамабілі і імгненна зніклі ў невядомым напрамку.

Яшчэ праз хвілін пятнаццаць на ганку дома з’явіліся двое мужчын ў чорным, хутчэй за ўсё следчыя ці аператыўнікі. Іх ужо чакаў мужчына сярэдніх гадоў, верагодна, гаспадар 46-й кватэры, той самай, у якую ўламіліся міліцыянты. Перад гэтым мужчыну як мог заспакойваў ягоны знаёмы, а можа і сябар, гэткімі словамі: “ну, цяпер пачнецца, будуць дапытвацца… Яны і наркотыкі могуць “знайсці”, і чорт ведае што…”

Адзін з тых, што  ў чорным запытаў чалавека: кватэра  з’ёмная ці вашая? І не счакаўшы адказу, прапанаваў гаспадару падняцца на сёмы паверх…” На тым усё і скончылася.

Як стала вядома, у кватэры №46 маглі быць студэнты замежных ВНУ Андрусь Кастусёў, Сяржук Гумінскі, Кацярына Ерусалімская, Дзмітрый Якубоўскі і іхні польскі сябар  Кшыштаф Кірдзік… Студэнты, па ўсяму, прыехалі на свята, на Дзень волі, але ў гэты дзень волі іх і пазбавілі. Пытанне ў адным: на які тэрмін затрымалі?..

Поделиться ссылкой: