22.20

Віктар Івашкевіч амаль чатыры гадзіны з моманту затрымання знаходзіцца ў міліцыі Завацкога раёна сталіцы.

Разам з ім яшчэ некалькі жанчын, прозвішчы якіх палітык не ведае. Ім забараняюць размаўляць паміж сабой. Міліцэйскае кіраўніцтва дагэтуль ня вызначылася адпускаць Івашкевіча, ці – не. Чакаюць загаду зверху.

20.30

Віктар Івашкевіч паспеў паведаміць, што яго адвезлі ў Завацкі РУУС. Цяпер сувязь з ім адсутнічае, што дае падставы меркаваць, што на яго скаладаецца пратакол аб адмінітрацыйным правапарушэнні.

Разам з Івашкевічам у Завацкім РУУС знаходзяцца яшчэ некалькі затрыманых, іх імёны нам невядомыя.

20.15

Акцыя скончылася. Пасля гэтага з падземнага перахода каля Палаца прафсаюзаў і завулкаў навокал палаца Рэспублікі выйшла ледзве што не сотня амапаўцаў, курсантаў і салдат.
Што тычыцца затрыманых падчас акцыі, то паводле заканадаўства іх могуць трымаць у пастарунках не больш за 3 гадзіны. Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі павінны вырашыць, ці будзе складзены на затрыманых пратакол і іх адвязуць да суда на Акрэсціна, ці ўсіх адпусцяць дахаты.

20.00

На Кастрычніцкай плошчы маладыя людзі разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. Іх адразу схапілі прадстаўнікі спецслужбаў і вывелі з плошчы. Натоўп рассеяўся. Такім чынам Дзень Волі ўсё ж такі завяршыўся на Кастрычніцкай плошчы.

19.47

Як паведамляюць праваабронцы, у Савецкім РАУС Мінска знаходзіцца каля трыццаці затрыманых (ён бліжэй за усіх да плошчы Якуба Коласа). Але большасці затрыманых актывістаў тут няма. Куды іх адвезлі, пакуль невядома.

Маці Андрэя Кіма, Тацяна Кім, па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, знайшлася ў Цэнтральным РАУС.

19.45

Да людзей падыйшлі прадстаўнікі з гарадскога ўпраўлення міліцыі. Звярнуліся да натоўпу і сказалі, што “даюць 2 хвіліны, каб усе разыйшліся, бо пікет несанкцыянаваны”.
Ніхто не разыходзіцца. Моладзь спявае беларускія песні.

19.25

Да натоўпу на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы пад’ехалі некалькі прыватных аўтамабілей з бел-чырвона-белымі стужкамі. Машыны сігналілі натоўпу.
Людзі не разыходзяцца.

19.10

Некалькі дзясяткаў міліцыянераў перакрылі уваход ў сквер Янкі Купалы. Людзі стаяць на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы.

19.05

Людзі, якія ідуць ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі, сфармавалі калону і рухаюцца да сквера Янкі Купалы. Людзей стала значна больш, па некаторых ацэнках іх колькасць павялічылася да 500–700 чалавек. Каля музея 1-га з’езду РСДРП стаяць некалькі аўтазакаў. Людзі, рухаючыся да сквера, нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, як расцяжкі.

19.00

Частка натоўпу з плошчы Якуба Коласа спецназаўцы выціснулі ў бок кафэ “Лідо”. Іншыя людзі працягваюць рухацца па праспекце Незалежнасці ў напрамку да сквера Янкі Купалы. Туды ўжо падцягваюцца міліцэйскія мініаўтобусы маркі Volkswagen з танаванывм шклом. У шэсці ўдзельнічае каля 300 чалавек.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

18.50

Сквер Янкі Купалы.
Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч: “Сёнешні Дзень Волі – дзень салідарасці. Дзень моцы духу!”

18.48

Віталь Рымашэўскі каля сквера Янкі Купалы павіншаваў усіх з Днем Волі і сказаў, што не варта больш правакаваць міліцыянераў. Людзі пачынаюць разыходзіцца.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

18.47

Частка натоўпу, які разцягнуўся ўздоўж праспекту Незалежнасці, спынілася, бо спецназ пачаў выціскаць людзей зноўку да Якуба Коласа. Хоць літаральна 15 хвілін таму людзям загадалі сыходзіць адтуль. Зараз каля 200 чалавек стаяць у разгубленасці і не ведаюць, што рабіць.

18.40

На плошчы Якуба Коласа пачалі хапаць людзей, не разбіраючы. Каля філармоніі вельмі жорстка затрымалі простага грамадзяніна Сяргея Хіневіча. Мужчыну сілком зацягнулі ў аўтобус некалькі спецназаўцаў.
Паколькі людзі не могуць патрапіць на плошчу Якуба Коласа, частка сабраўшыхся пачала рухацца ў напрамку да плошчы Перамогі. Людзі ідуць па двух баках праспекту.

18.37

Як сведчаць відавочцы, Віктара Івашкевіча затрымалі нават не на падыходзе да месцаў збора апазіцыі, а паміж імі – у раёне плошчы Перамогі.

Журналісты “Нашай Нівы” яшчэ да пачатку акцыі падслухалі перамовы міліцыі па рацыі. “Работаем по предварительному плану. Превентивное задержание на подходе к площади”. Зыходзячы з таго, як развіваліся падзеі, загад міліцыянеры выканалі, затрымлівалі людзей ні за што.

18.35

Сквер Янкі Купалы.
Пакуль да скверу не прыйшоў ні адзін са значных палітыкаў. Нікога, акрамя лідара Вілейскай філіі АГП Уладзіміра Малярчука, не заўважана.

18.33

Плошча Якуба Коласа.
На плошчы з’явіўся прадстаўнік прэс-службы МУС і звярнуўся да журналістаў. Ён запатрабаваў, каб яны “не стваралі масавасць” і “непатрэбны ажыятаж”. Безумоўна, ніхто не сыходзіць.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

18.31

Міліцыя ў рэгіёнах таксама спрабуе не дапусціць ніякіх акцый. Сапраўднае паляванне на журналістаў распачалося ў Магілеве. Нагадаем, што ўчора там быў затрыманы і асуджаны на трое сутак журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў. А зараз прыйшло паведамленне, што затрыманы журналіст таго ж інфармацыйнага агенцтва Уладзімір Лапцэвіч.

У Магілеве сення каля кінатэатра “Радзіма” мусілі сабрацца прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый, каб ускласці кветкі да будынку Магілёўскага абласнога краязнаўчага музею, дзе ў 1918 годзе магілёўцы падтрымалі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Улады робяць усё магчымае, каб гэтага не дапусціць. Прыйшлі таксама паведамленні, што ў Магілёве затрыманы лідары мясцовай апазіцыі Алесь Сілкоў і Зміцер Салаўёў.

18.30

Сквер Янкі Купалы.
Толькі што затрымалі некалькіх людзей, якія выходзілі з 100 аўтобуса з маленькімі бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Спецназаўцы зрэагавалі імгненна: двух хлопцаў схапілі і павялі да аўтобусаў.
Мінчан, якія падыходзяць да скверу з кветкамі, міліцыянеры просяць пераходзіць на другі бок праспекту – да цырка.
Некалькі пажылых актывістак пачалі спяваць беларускія песні.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

18.20

Плошча Якуба Коласа.
Да журналістаў, якія фактычна засталіся ў атачэнні супрацоўнікаў спецслужбаў, падыйшлі спецнаўзаўцы і загадалі сыходзіць. У выразах яны не стрымліваліся. На заўвагу аб тым, што супрацоўнікі звяртаюцца да прадстаўнікоў прэсы, адказалі наступным чынам: “Нам без разницы. Будет вам сейчас как на выборах. Не говорите потом, что вас не предупреждали”.

18.18

Як паведамляе Радыё “Свабода”, у Віцебску збілі журналіста Уладзіслава Стараверава. Што ж тычыцца Мінска, то на выхадзе з метро затрыманы Кася Далідовіч і Марыя Квіціцкая з “Маладога фронту”.

18.15

Спецназаўцы ў падземным пераходзе пад плошчай Якуба Коласа стварылі ланцуг і нікога не выпускаюць на паверхню. Людзі не могуць патрапіць на прыпынак, на якім спыняецца 100-ы аўтобус і адразу некалькі маршрутак.

18.12

Асобы ў цывільным спрабавалі перашкодзіць здымаць на плошчы Якуба Коласа журналісту расійскага канала ОРТ. Ён заявіў, што напіша на іх скаргу. Пасля гэтага спецслужбісты ад яго адчапіліся, паведамляе “Наша Ніва”.

18.12

Ад міліцыянераў з’явілася інфармацыя аб тым, што ў скверы Янкі Купалы можа знаходзіцца прадмет з элементамі праводкі. Для абследвання тэрыторыі нібыта накіравалі спецыялістаў. Нешматлікіх людзей з кветкамі не пускаюць на тэрыторыю сквера.

Людзі пакідаюць кветкі ля ўваходу ў сквер, але іх адразу прыбіраюць.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

18.11

Па удакладненай інфармацыі, ля цырка начале групы актывістаў быў затрыманы лідар “Маладых дэмакратаў”, нядаўні вязень СІЗА КДБ Алег Корбан. Нагадаем, што ён выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, і калі міліцыя паспрабуе “прышыць” актывісту нейкае правапарушэнне, то мера стрымання можа быць зменена.

Што ж тычыцца сквера Янкі Купалы, то міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, які абяцаў дазволіць людзям усклаць кветкі да помніка Янку Купале пакуль сваё слова не стрымаў. Да помніка нікога не пускаюць, бо ля яго, нібыта, знайшлі нешта, падобнае на выбуховае прыстасаванне. 

18.10

На плошчы каля аўтобуснага прыпынку затрымалі Ганну Шапуцьку і Ірыну Губскую. Каля актывіста Іллі Шылы спыніўся аўтобус, з якога на яго выскачылі спецназаўцы ў цывільным. Яны схапілі Іллю і закінулі ў аўтобус.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

18.05

Як толькі на плошчы Якуба Коласа з’яўляецца мужчына ці жанчына, на іх вокамгненна накідваюцца міліцыянеры. Уся вуліца Чырвоная застаўлена аўтобусамі і аўтазакамі. Яшчэ адзін аўтобус “нарэзвае кругі” вакол плошчы Якуба Колса.

18.00

Як толькі на плошчы з’явіўся намеснік лідара “Маладога фронту” Мікола Дзямідзенка да яго адразу кінуліся каля 20 прадстаўнікоў спецслужбаў. Пад крыкі людзей на плошчы, яго зацягнулі ў падземны пераход. Народ працягвае збірацца.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

Затрыманьне Міколы Дземідзенкі. Фота Радыё Свабода

17.55

На ўсялякі выпадак да плошчы Якуба Коласа прыехала машына “хуткай дапамогі”. Ёй дазволілі прыпаркавацца ля рэстарана “Лідо”, хаця ўсім іншым аўтамабілям нават на кароткі час прыпыняцца ў раёне плошчы ДАІшнікі забараняюць.

На некаторы час раптам сапсавалася надвор’е. З чыстага неба, на якім нават праглядвала сонейка, раптам пайшоў густы мокры снег. Нешта падобнае мы назіралі падчас акцыі апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў ў 2006 годзе. Але гэтым разам снег быў не доўга, літаральна 15-20 хвілін. І раптам усё зноў сцішылася.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

Фота Георгія Чыгіра.

17.50

У падземным пераходзе да плошчы Якуба Коласа стаяць некалькі дзясяткаў міліцыянераў у цывільным і некалькі чалавек у форме. Яшчэ недзе па 10 міліцыянераў адсочваюць кожны выхад з перахода да плошчы. Пакуль на плошчы Якуба Коласа сабраліся журналісты, падыходзяць некаторыя актывісты. Людзі збіраюцца не каля філармоніі, а непасрэдна на плошчы.

17.45

З’явілася інфармацыя, што каля цырка затрымана каля пятнаццаці актывістаў, у тым ліку Артур Фінкевіч.

Што ж тычыцца тых, каго затрымлівалі яшчэ раніцай, дык іх па-ранейшаму утрымліваюць у РАУС. Напрыклад, член АГП Аляксандр Сцепаненка, якога адвезлі ў Савецкі РАУС паведаміў, што яго нават спрабавалі апытваць па нейкіх незразумелых справах, да якіх ён не мае аніякага дачынення. Напэўна, гэта робіцца, каб быў хоць нейкі выгляд законнасці ў прэвентыўных затрыманнях.

17.40

Каля ўваходу ў дзіцячы парк імя Горкага стаяць 7 аўтобусаў з міліцыянерамі. Каля офісу АНТ і СТБ па вуліцы Камуністычнай прыпаркаваныя некалькі аўтазакаў.

17.35

Уваходы ў сквер Янкі Купалы перакрыты супрацоўнікамі міліцыі ў форме і невядомымі у цывільным. На тэрыторыі самога скверу шмат міліцыянераў. Каля помніка стаяць людзі ў цывільным. Мінчан не пускаюць на тэрыторыю сквера, а абапал дарогі стаяць аўтобусы. Людзей з кветкамі не бачна.

17.30

Цягнікі на станцыі метро “Плошча Якуба Коласа” яшчэ спыняюцца, але выхады з падземкі непасрэдна на плошчу кантралююцца людзьмі ў форме і ў цывільным. Каля плошчы шмат людзей, адзетых па-зімоваму – у тоўстыя порткі і курткі, а таксама вядомыя чорныя шапачкі.

Жыхары дамоў ля плошчы Якуба Коласа расказалі, што ўпершыню за ўсе гады, калі ў гэтым месцы сталіцы рабіліся спробы правесці акцыю апазіцыі, міліцыя апячатала падвалы ў пад’ездах. Але, акрамя гэтага, ніякіх асаблівых прыгатаванняў не відаць. Стаіць пару аўтазакаў, камфартабельныя аўтобусы з завешанымі вокнамі, але не так шмат, як у мінулыя гады.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

Міліцыянты на плошчы Якуба Коласа. Фота Радыё Свабода

16:45

Праход у сквер Янкі Купалы перакрыты міліцыянтамі. «Ёсць прычыны, па якіх туды лепш не хадзіць», — сказаў адзін з іх. У самім скверы стаяць міліцэйскія машыны.

25 сакавіка — Дзень Волі (онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

13.00

Лідар незарэгістраванага руху “Маладая Беларусь” Артур Фінкевіч паведаміў “Народнай Волі”, што з 6 раніцы ён не можа выйсці са сваёй кватэры. Яго жыллё, а таксама жыллё яго намесніцы Насты Машчавай, заблакіравана супрацоўнікамі міліцыі. Міліцыянеры ўжо некалькі гадзін спрабуюць патрапіць да іх у кватэры. Фінкевіч упэўнены, што такім чынам , спецслужбы спрабуюць заблакіраваць у кватэрах актывістаў дэмакратычнага руху. Тых, хто будзе спрабаваць выйсці, будуць адвозіць у пастарункі.

12.10

Рыгор Песецкі паведаміў “Народнай Волі”, што людзі ў цывільным прыходзілі на кватэру яго бацькоў і па месцы прапіскі хлопца. Яны кажуць, што ён ім патрэбны для нейкай тэрміновай справы.

12.00

У кватэру, у якой знаходзіліся некалькі актывістаў моладзёжна дэмакратычнага руху, уварваліся людзі ў цывільным.

Сяржук Гумінскі паведаміў “Народнай Волі”, што яны выклікалі па рацыі спецназ. Сярод затрыманых грамадзянін Польшчы. Людзі ў цывільным запатрабавалі аддаць ім мабільныя тэлефоны.

Поделиться: